Усевалад Сцебурака. Самая вялікая праблема дарослых, што яны мусяць жыць хутка

Усевалад Сцебурака

Усевалад Сцебурака — песімістычны паэт з пакалення LAST, беларускамоўны тамада і згублены ў часе гісторык. У інтэрв’ю Generation.bY «Кім я стану, калі вырасту» Усевалад распавядае, навошта паэту трэба быць лайдаком, чаму школьнікам адзіны з пяці школ гораду не пайшоў у піянеры, чаму нарадзіўся на 10 год пазней, і як рэанімаваць Беларусь па формуле «Чамадан-вакзал».

Усё хутка скончыцца, і трэба будзе ісці дадому

У дзяцінстве, калі ўсе дзеткі ішлі катацца на карусельках, яны ўсе ішлі вясёлыя, а я ледзь не плакаў. Бацькі пыталіся, можа што баліць, а я адказваў, што плачу бо, «гэта ўсё хутка скончыцца, і потым трэба будзе дадому ісці». Праз дзве гадзіны, калі нас малых забіралі з каруселек, іншыя дзеткі ішлі і плакалі, а я вяртаўся ўжо вясёлы, бо я ўжо парумзаў перад гэтым. І вось гэты нейкі сум незваротнасці таго, што міне, заўсёды са мной. Нават напярэдадні вандроўкі я збіраюся і сумую, што буду вяртацца праз пяць дзён.

Нашае пакаленне згубілася ў часе

Нейкага акрэсленага жадання быць кімсьці ў мяне чамусьці не прасочвалася. Вось раней сапраўды казалі: «хачу капітанам быць», ці «хачу мараком». У мяне такіх мараў не было, як і не было іх у большасці тых, каго я добра ведаю. Мае аднагодкі абышліся неяк без шчырых палкіх камсамольскіх захапленняў, але мы яшчэ і не ведалі і капіталістычных каштоўнасцяў. І так атрымалася, што маё пакаленне згубілася ў часе. Мы захапілі ў дзяцінстве рэшткі адной эпохі, а мусілі ісці сталець у іншую. Шмат што даводзілася пакідаць, бо яно заўчасна станавілася непатрэбным. Нават «Цой жывы» я на сценках не пісаў, хаця «Кіно» мне падабалася.

Не хадзіць у статку

Мне штосьці заўсёды не дазваляла хадзіць у статку. Разумею, што статак — шырокі панятак. Да прыкладу, у чацвёртым класе я свядома не ішоў у піянеры. Мой чацвёрты клас — гэта быў апошні год, калі прымалі ў шэрагі гэтай арганізацыі, і я быў адзіны са школьнікаў пяці школ Вілейкі, хто свядома адмовіўся ўступаць у піянеры. Спалоханая школьная адміністрацыя выклікала бацькоў, а яны сказалі: «Хай ён сам вырашае». А не пайшоў я з таго, што не любіў гэты статак і да таго ж меў ужо мінімальныя веды пра савецкую сістэму, Леніна і чырвоны сцяг.

Гісторыя – не проста прадмет у школе

І маці і бацька, не гледзячы на медычную адукацыю, мелі і захоўвалі цікаўнасць да літаратуры і гісторыі. На пачатку 90-х у краіне нарэшце з'явіліся нармальныя кнігі па беларускай гісторыі, і тата іх пачаў набываць і апантана вывучаць. Мяне таксама гэта захапіла, да таго ж мне бацькі пачалі распавядаць нармальнымі словамі пра савецкі час, сталінскія рэпрэсіі і пра ўсё, што насамрэч адбывалася ў СССР. Гэтак з гэтых сямейных размоў, з чытання правільных кніг, я зразумеў, што гісторыя — гэта не проста прадмет у школе, а цэлы пласт жыцця, светапогляд, калі заўгодна. І з тых часоў не пашкадаваў ніколі.

Чырвоныя вочы інтэрнэту

Хапала на ўсё часу, цяпер можна на дзень засесці ў інтэрнэт, нічога там не пабачыць, потым класціся спаць з чырвонымі вачыма.

Выкладчыкі казалі, што думалі, і студэнтам гэта дазвалялася

Я яшчэ заспеў крыху таго ліберальна-дэмакратычнага духу, што панаваў асабліва на гуманітарных факультэтах у сярэдзіне-другой палове 90-х. Тады яшчэ выкладчыкі казалі, што думалі, і студэнтам дазвалялася гэта рабіць. Ужо рэктар сабе не мог такога дазволіць і па тэлебачанні ўсяго ўжо не казалі. Пары мы мелі збольшага на беларускай мове і самі адказвалі на ёй, здавалі іспыты, пісалі дыпломы па-беларуску. Літаральна за намі праз тры-чатыры гады пасля гэта ўсё знікла.

На глебе беларускасці, а не на палітычных акцыях

Мяне з дзяцінства цікавіла літаратура, і на першым курсе я пачаў пісаць сам. Усё больш і больш я сыходзіўся са сваімі сябрамі на глебе беларускасці, а не на палітычных акцыях, хаця мы хадзілі на ўсе мітынгі, што адбываліся.

Заўсёды шанцавала на добрых людзей

Я далучаўся да ўсяго, што мяне цікавіла. Пра грошы тады гаворка не ішла. Мне падавалася. што ўсе, хто размаўляе па-беларуску, — яны амаль святыя. Я дазваляў сабе быць наіўным шмат у чым. Але тым не менш, у людзях я не расчараваўся, і захаваў да гэтага часу такое светлае адчуванне, што навокал ёсць харошыя людзі, і яны мне часта па жыцці трапляліся. Скажу, што мне з юнацтва шанцавала на добрых людзей. І я рады, што пазнаёміўся асабіста амаль з усімі, кім шчыра захапляўся на ніве беларушчыны.

Знаўшоў сябе ў шоўмэнстве

Я знайшоў сябе ў шоўмэнстве. Пачалося з банальнай гісторыі, калі сябры шукалі беларускамоўнага вядучага на вяселле. А цяпер гэта ўжо праца. Мяркую, што запатрабаванасць ў беларускамоўных вядоўцах значна большая, чым прапанова ў гэтай сферы. 

Мае маршруты не мяняюцца гадамі

Да Менску стаўлюся абсалютна нармальна, але вялікі горад — гэта не маё месца жыхарства. Я схільны да жыцця ў невялічкім горадзе. Ніколі не хацелася з'ехаць у мегаполіс, ні ў Маскву, ні ў Нью-Ёрк, наогул ніколі не хацелася з'ехаць з Беларусі. Не таму, што я быў забяспечаны і мне не патрэбна было зарабляць, проста я так быў выхаваны. Я вельмі прывязаны да мясцінаў, мае маршруты перасоўвання па сталіцы, напрыклад, не меняюцца гадамі. У маіх улюбёных кавярнях ужо іншыя гаспадары, іншыя і самі назвы, а я ўсё хаджу туды і хаджу, як і 10 год таму…

Усё, што далей на Ўсход ад Менску — падазрона

Паездзіўшы па свеце, мне заўсёды хацелася вяртацца дамоў. З замежных гарадоў мне падабаецца Вільня і, асабліва, Львоў. Добра знаёмы з Расеяй, але яна не выклікае ў мяне ніякіх цёплых пачуццяў, і я рады, што мне і па справах туды не трэба ездзіць. Жартам кажучы, увогуле ўсё, што далей на Ўсход ад Менску выклікае падазрэнне. Для мяне нават Жодзіна і Барысаў ужо чужыя мясціны, не кажучы пра тое, што там далей.

Другая Чэхія

Таксама люблю Чэхію. Увогуле Чэхія — гэта Беларусь у ідэале. Мы вельмі падобныя, па колькасці насельніцтва, па складаным гістарычным лёсе, па менталітэце, па ўсім. Беларусь пры добрым раскладзе магла бы стаць другой Чэхіяй. Але мы ёй не сталі пакуль што… ці ўжо.

Каб быць паэтам, трэба быць лайдаком

Нельга паэту стаяць каля станка і пісаць вершы. Каб быць паэтам, трэба быць лайдаком. Трэба быць вольным. Вершы — гэта час, калі ты сам-насам… Наконт фінансавага аспекту — зарабляць на творчасці ў Беларусі могуць адзінкі, і гэта праз тое, што кола, якое цікавіцца беларускамоўнай літаратурай, вельмі вузкае. Значна большая колькасць людзей шчыра і апантана цікавіцца ўсялякай ахінеяй кшталту ёгі і г.д. 

Калі ўсе кажуць, што гэта крута, то напэўна гэта крута

Ёсць творцы, якія патрапілі ў плынь, былі вельмі папулярныя ў пэўны час. Яны з’явіліся і зніклі. Нехта апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час, таму займеў такую шалёную папулярнасць. А ёсць людзі, якія элітарныя былі ва ўсе часы. Іх разумеюць адзінкі, а астатнія паціскаюць плячыма і кажуць «ну калі ўсе кажуць, што гэта крута, то напэўна гэта крута», але ў чым гэта круцізна — няясна.

Толькі прымусовы перавод на беларускую, інакш «чамадан-вакзал»

Каб нашае грамадства было б беларускім, яно б мяне задавальняла. Але ў нас няма беларусаў, у нас ёсць грамадзяне РБ. А гэта дзве вялікія розніцы. Грамадзяне плацяць падаткі, у іх ёсць сям’я, але яны не беларусы. Беларусы ўспрымаюцца як нейкая рэзервацыя, і мы гэтую рэзервацыю шчыльна будуем з абодвух бакоў. Я не бачу, што можа змяніцца. Прыход да ўлады іншага чалавека не гарантуе таго, што грамадзяне РБ стануць беларусамі. Тут павінны быць захады рэанімацыйнага кшталту. На самацёк пускаць ужо няма чаго.

Аднаўляць мову, культуру можна толькі так, як аднаўляў іх, напрыклад, Ізраіль — з нуля і да выкшталцонага ўзроўню ва ўсіх сферах жыцця. А шляхам «А давайце пачнем штосьці рабіць» — нельга, нічога з гэтага не атрымаецца. Толькі прымусовы перавод на дзяржаўным узроўні дзіцячых садкоў, універсітэтаў і г.д. Абавязкова для ўсіх ведаць прафесійны мінімум, а дома – размаўляй хоць на суахілі. Інакш — «чамадан-вакзал». Так жывуць усе маленькія краіны, яны мусяць бараніць сваё, і ўсе яны абараняюць сваё, акрамя Беларусі.

Не хацелася сталець

Чытаў многа ўсяго. Трапляліся кнігі не па ўзросце. Але мяне не захапляла фантастыка, рэчы з тэхнічным прагрэсам. Я наогул ніколі не гнаўся за апошнімі навінкамі тэхнікі. Чым пазней да мяне гэта прыйдзе, тым лепей. Я сумаваў па тых часах, у якіх я не жыў больш, чым па тых, што будуць наперадзе. Я будучыню адсоўваў ад сябе. Мне не хацелася сталець. Ніколі не спяшаўся жыць, мне хацелася быць самім сабой.

Я нарадзіўся на год 10 пазней

Мне наогул падаецца, што я нарадзіўся на год 10 пазней, чым трэба. Вось калі б мне было цяпер 40 — гэта б лепей адпавядала майму ўнутранаму стану. У мяне заўсёды былі старэйшыя сябры на пяць-дзесяць гадоў. Мне было лягчэй паразумецца з сябрамі бацькоў, чым з аднагодкамі. Гэта не праз тое, што я быў вундэркіндам, а мне проста не падабаліся рэчы, якімі захаплялася маё пакаленне.

Час на сёння — гэта вялікая раскоша

Самая вялікая праблема дарослых, што яны мусяць жыць хутка: наперад-наперад, і няма часу на сёння. Час на сёння — гэта вялікая раскоша. Мы звычайна прачынаемся і адразу думаем пра заўтра. Мы не заўважаем, як мы жывём: ад даты да даты: ад дня нараджэння да новага году, ад выходных да заробку і г.д. Што паміж гэтымі датамі мы не бачым.

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.