Літоўцы выбіраюць беларусак

Літоўцы ўсё часцей жэняцца з беларускамі. У 2011 годзе грамадзянкі Беларусі сталі другімі па папулярнасці замежнымі нявестамі ў Літве. Псіхолагі тлумачаць такі выбар «выключным становішчам і ладам» нашай краіны, праз што беларускі лічацца ў замежнікаў «рахманымі жанчынамі».

Еўрапейскі кантынент становіцца ўсё больш глабальным: культуры, мовы і народы змешваюцца, а людзі ўсё ахвотней граюць вяселлі з замежнікамі. Пра гэта піша delfi.lt са спасылкай на выданне Savaitė.

У Беларусі новы рэкорд па колькасьці разводаў

Па дадзеных Дэпартаменту статыстыкі Літвы, з 2000 году літоўцы і літоўкі сталі граць шлюбы з замежнікамі ў два разы часцей. Што цікава, у 2011 годзе літоўскія мужчыны найперш бралі ў жонкі славянак: 425 шлюбаў заключаныя з грамадзянкамі Расеі, 146 — з грамадзянкамі Беларусі, 118 — з грамадзянкамі Украіны.

А вось літоўскія жанчыны ідуць найперш за немцаў, расейцаў і амерыканцаў.

Псіхолагі кажуць, што нярэдка змяшаныя шлюбы становяцца крыніцай праблем для абодвух бакоў. Не апошнюю ролю ў гэтым граюць адрозненні ў культурах:

«Думаю, гэта [выбар замежнікаў] звязана з нашым савецкім вопытам — са стаўленнем да іншаземцаў у савецкі час. Калі ў тыя часы да нас прыязджаў хтосьці з-за мяжы, гэта было вялікай падзеяй, — кажа псіхолаг Вілма Кузмене. — Адгалоскі савецкага вопыту і цяпер часам праяўляюцца. Калі замежнік, значыць, нешта добрае».

Псіхолаг лічыць, што гэта звязана з нізкай самаацэнкай некаторых людзей. «Нярэдка беспрацоўны брытанец здаецца лепшым і разумнейшым, прывабнейшым за нармальнага літоўца, паколькі ён — замежнік. Жанчына выходзіць за яго замуж, жыве, прыстасоўваючыся да яго, а потым ёй надакучвае і з’яўляюцца праблемы», — распавядае псіхолаг.

У гэтым сэнсе асабліва цікавы прыклад беларусак, якія адрозніваюцца ад іншых нявестаў праз сваё выхаванне ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы:

«Беларусь — выключная па свайму становішчу і ладу дзяржава. Беларускі лічацца добрымі маці, жонкамі, гаспадынямі. Да прыкладу, ажэніцца амерыканец на беларусцы і вязе яе ў Амерыку. Спачатку ёй гэтага дастаткова: яна кахае, адчувае сябе каханай. Але патроху ўсё мяняецца — яна жыве ў вольнай краіне, дзе таксама хоча быць свабоднай, рэалізаваць сябе як асоба. Тут могуць пачацца сур’ёзныя праблемы. Бо мужчына ўзяў у жонкі рахманую жанчыну, маці, хатнюю гаспадыню, а яна хоча стаць, да прыкладу, незалежным прадпрымальнікам. Іх чаканні і ўяўленні не супадаюць, гэта значыць, што ў сям’і ўзнікнуць канфлікты», — лічыць Кузмене.

Беларускі бяруцца са славянамі і немцамі, а беларусы — з балтыйкамі і габрэйкамі

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у мінулым годзе ў краіне зарэгістравана болей за 5 тысячаў шлюбаў з замежнікамі. У параўнанні з 2000 годам колькасць шлюбаў беларусак з замежнымі жаніхамі павялічылася ў 1.8 разы, а колькасць шлюбаў беларускіх мужчын з замежніцамі вырасла больш чым у 2.5 разы. Але часцей за ўсё інтэрнацыянальныя шлюбы — прэрагатыва беларускіх жанчын.

Нявесты з Беларусі надаюць перавагу жаніхам з Расеі, Украіны, краін Балтыі, Германіі, Ізраілю і Турцыі.

Прыкладна тыя ж перавагі і ў беларускіх хлапцоў. Акрамя краін-суседзяў нявестаў у Беларусь пастаўляе Ізраіль.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1788 seconds.