Абітурыентаў пужаюць астранамічнымі сумамі за адмову ад разьмеркаваньня яшчэ да залічэньня

Сёлетняя ўступная кампанія праходзіць паводле новых правілаў, якія абавязваюць кожнага абітурыента падпісваць дамовы з ВНУ на адукацыю. У іх унівэрсытэты прапісваюць тыя грошы, што студэнт будзе вымушаны выплаціць у выпадку адмовы ад паездкі па прымусовым разьмеркаваньні. У БДМУ яны ў 2.5 разы перавышаюць суму, якую выдаткуюць за 6 гадоў навучаньня студэнты-платнікі.


Абітурыенты БДУІР. Фота onliner.by

Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Дзяніса Аляксандрава, калі чалавек захоча адмовіцца ад абавязковага разьмеркаваньня, ён вымушаны будзе выплаціць дзяржаве немалыя сродкі — поўны кошт навучаньня. З гэтага году яе вылічваюць па новай схеме, паводле якой гэтыя сумы значна вырасьлі нават у даляравым эквіваленце ў параўнаньне зь мінулым годам.

«Папярэдняя сума будзе пазначаная ў дамовах на навучаньне, якія ўпершыню ў Беларусі з 2012 года будуць заключацца ня толькі са студэнтамі платнага аддзяленьня, але і бюджэтнага», — заявіў сакратар interfax.by. Паводле ягоных словаў, на лячэбным, пэдыятрычным і мэдыка-прафіляктычным факультэтах гэта каля 152 млн. рублёў. На стаматалягічным і фармацэўтычным факультэтах — прыблізна 127 млн.

То бок калі студэнт празь пяць ці шэсьць гадоў атрымае разьмеркаваньне, якое яму не спадабаецца, то пазьбегнуць яго малады чалавек здолее, заплаціўшы ад 15.3 да $18.3 тыс. Канешне, калі ў выпускніка няма дзяцей-інвалідаў, альбо ён ня стаў студэнтам бясплатнай магістратуры. Але ў апошнім выпадку адпрацоўваць усё ж прыйдзецца, толькі пасьля сканчэньня ВНУ.

У 2.5 разоў болей, чым платнікі

Цікава, што калі студэнт скончыць платнае аддзяленьне таго самага лячэбнага факультэту БДМУ, то заплаціць ён за 6 гадоў навучаньня у 2.5 меней, чым «бясплатнік», які наважыцца ня ехаць па разьмеркаваньні. З гэтымі сумамі абітурыенты могуць азнаёміцца адразу пры паступленьні ў дамовах, якія паводле Кодэксу аб адукацыі, цяпер мусіць падпісаць кожны абітурыент альбо ягоныя бацькі, калі новасьпечанаму студэнту няма яшчэ 18 гадоў.

«Сёньня пры падачы дакумэнтаў у БДМУ ўсім абітурыентам без выключэньня выдаюцца блянкі дамоваў на навучаньне, — кажа Аляксандраў. — Новы прынцып працы такі ж самы, як і з мэтавым прыёмам».

Як кажа прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна, дамову аб навучаньні «рэкамэндуюць» падпісваць яшчэ да залічэньня. Паводле паведамленьняў прэсы, іншай вопцыі ў абітурыентаў фактычна не застаецца: дакумэнты ў выпадку адмовы ад падпісаньня могуць проста не прыняць. А навучаць тым больш ня будуць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0685 seconds.