5 мэтадаў атрымаць шэнгенскую візу

5 мэтадаў атрымаць шэнгенскую візу

У Беларусі дзесяткі прадстаўніцтваў краін Эўрапейскага зьвязу, дзе можна атрымаць візу. Аднак да кожнай амбасады патрэбны ўласны падыход: недзе паставіць візу лягчэй, а дзесьці складаней. У нашым ТОПе пяць найбольш дасьціпных для кожнага, ад студэнта да пэнсіянэра, мэтадаў атрыманьня шэнгенскай візы.

Вандроўнікі імкнуцца шукаць найбольш ляяльныя амбасады і менавіта празь іх спрабуюць адкрыць візу. Праўда, існуе так званае правіла першага ўезду. Яно вымушае зьвяртацца за візай туды, куды вы зьбіраецеся ехаць у першую чаргу.

Аднак і тут ёсьць нюансы. Напрыклад, вандроўнік хоча трапіць у Літву, а візу магчыма атрымаць толькі ў Польшчу. Што ж рабіць? Справа ў тым, што паміж краінамі Шэнгену няма візавага кантролю. То бок адсачыць той факт, ці былі вы ў Літве, польская дыпмісія, якая выдала візу, проста няздольная. Адзінай адзнакай, якую вы атрымаеце пры ўезьдзе ў шэнгенскую прастору, будзе выключна польскі штамп, пасьля атрыманьня якога можна ехаць хоць у Літву, хоць у Партугалію.

Літва: аднаразовыя радасьці

Па статыстыцы, мінімальны працэнт адмоваў у візах — у консульскіх аддзелах амбасады Літвы. Пры гэтым за апошні год колькасьць выдадзеных тут візаў павялічылася на траціну. Зьвяртацца сюды трэба найперш у тым выпадку, калі за апошнія гады вы зусім ня мелі шэнгенскіх візаў. Калі ж яны ўжо былі, можна разьлічваць на шматразовую візу. Апісаньне працэсу яе атрыманьня можна знайсьці ў трэцім пункце артыкулу.

На аднаразовую візу на падарожжа не даўжэйшае за 30 дзён акрамя стандартнага набору дакумэнтаў (пашпарт, фатаграфіі, анкета), патрабуецца падаць дарожныя чэкі з разьліку 40 эўра ў суткі альбо выпіску з рахунку міжнароднай карткі альбо любыя іншыя дакумэнты, якія пацьвярджаюць вашу плацежаздольнасьць. Таксама ў выпадку падарожжаў, даўжэйшых за 10 дзён, пажадана прадставіць бронь гатэлю.

Прадпрымальнікі падаюць пасьведчаньне аб рэгістрацыі ІП і яго копію. Пэнсіянэры — пэнсійнае пасьведчаньне і ягоную копію. Тыя, хто афіцыйна не працуюць, — дакумэнты, што пацьвярджаюць наяўнасьць грашовых сродкаў (падрабязьней аб дакумэнтах можна даведацца на сайце by.mfa.lt).

Набыць дарожныя чэкі можна ў банках, куды пасьля візыту ў амбасаду іх можна вярнуць. У выпадку адсутнасьці грубых памылак у дакумэнтах, атрыманьне літоўскай візы на аднаразовае наведваньне шэнгенскай прасторы для вас гарантаванае. Праўда, заплаціць за гэта задавальненьне прыйдзецца 60 эўра. Столькі каштуе шэнгенская віза ў любым консульстве. Калі ж вам яшчэ няма 12 гадоў, альбо вы студэнт ці школьнік, што едзе у Літву з адукацыйнымі мэтамі, то візу вам дадуць бясплатна.

У госьці да маўклівых эстонцаў

Яшчэ адзін варыянт — прадстаўніцтва Эстоніі ў Беларусі. Кажуць, што тамтэйшыя супрацоўнікі вельмі ветлівыя і амаль ніколі не задаюць дадатковых пытаньняў. Дакумэнты пытаюць тыя самыя, што і ў літоўскім консульстве. Праўда, адмоваў у атрыманьні візы ў гэтым месцы даволі шмат: прыкладна кожны 50-ы заяўнік у 2011 годзе застаўся без эстонскай візы і бяз грошай.

Падрабязныя інструкцыі, як трапіць і што рабіць у літоўскай амбасадзе, —> у гэтым артыкуле.

Польшча: шматразовы шопінг

Калі вы ўжо займелі аднаразовую візу, мае сэнс зьвярнуцца па шматразовую. Найбольш лёгка атрымаць такую візу ў польскім консульстве.

Адсотак адмоваў невялікі: у мінулым годзе ён склаў толькі 0.19% ад 244 тысячаў выдадзеных беларусам візаў. Асноўная прычына адмовы — няправільна пазначаная мэта паездкі. То бок мэта, якая пазначаецца ў візавай анкеце, не адпавядае сапраўднай мэце вандроўкі. Напрыклад, чалавек напісаў, што ён едзе як турыст у Польшчу, а сам накіроўваецца па шопінг у Нямеччыну. Таксама прычынай адмовы можа быць тое, што вандроўнік трапіў у сьпіс непажаданых асобаў на тэрыторыі Шэнгену.

У польскіх консульствах у Менску, Берасьці і Гародні можна атрымаць візу «за пакупкамі». Зь ёй можна вандраваць па Польшчы і іншых краінах Шэнгену ды 90 дзён ў паўгады. Для яе афармленьня спатрэбіцца запрашэньне з польскага крамы. Каштуе такі дакумэнт у сярэднім 15 даляраў. Часьцей за ўсё жадаючыя адкрыць мультышэнген просяць прывезьці такое запрашэньне родных ці сяброў, якія ўжо езьдзяць па шопінг ў суседнюю краіну. Хаця ёсьць і «прафэсійныя» распаўсюднікі падобных запрашэньняў у Беларусі. Такой паперай можна скарыстацца цягам 6 месяцаў з моманту пачатку запрашэньня.

Пакет дакумэнтаў для консульства Польшчы троху меншы: запоўненая візавая анкета, копія і арыгінал запрашэньня, ксэракопія старонак пашпарту з асабістымі дадзенымі, копіі папярэдніх шэнгенскіх візаў за апошнія 3 гады, фатаграфія, мэдыцынская страхоўка, візавы збор 60 эўра.

Пра тое, як і дзе можна аформіць запрашэньне на візу «за пакупкамі», —> на гэтым форуме.

З гэтым ужо можна зьвяртацца за візай. Спачатку на сайце www.e-konsulat.gov.pl трэба зарэгістраваць сваю візавую анкету. А далей самае складанае — знайсьці вольную дату для падачы заявы на візу. Зрабіць гэта нялёгка, але магчыма. Пасольства адкрывае ліміты на рэгістрацыю на тры месяцы наперад. Сёньня, напрыклад, да канца верасьня свабодных датаў у менскім консульстве няма. Занадта шмат жадаючых атрымаць візу.

Падрабязныя інструкцыі аб тым, як правільна рэгістраваць анкеты і запісвацца ў электронную чаргу —> у гэтым артыкуле.

Хакеры атакуюць польскую амбасаду?

Некалькі тыдняў таму сталі вядомыя падрабязнасьці дэтэктыўнай гісторыі: сярод наведвальнікаў консульства Польшчы ў Менску пайшлі чуткі аб існаваньні невядомых хакераў, што атакуюць электронную чаргу на сайце МЗС Польшчы і не даюць звычайным беларусам зарэгістравацца дзеля візыту па візу.

Некаторыя асабліва пільныя заяўнікі па візу сьцьвярджалі, што інтэрнацыянальныя хакеры ня проста браніруюць усе магчымыя слоты візытаў, але і прадаюць іх пасьля за 20–30, а то і 70 даляраў. Існаваньне падобнага бізнэсу ў польскім консульстве ў прынцыпе выключылі. Там вялізныя чэргі жадаючых трапіць у амбасаду патлумачылі недахопам супрацоўнікаў самога консульства. Апошніх магло б быць і болей, але ж беларускія ўлады не дазваляюць іх займець.

Спрэчка так і ня скончылася нічым: тыя, хто не пасьпеў трапіць па візу ў консульства, пераарыентавалі пляны летніх вандровак на іншыя краіны. На момант напісаньня артыкулу вольных датаў для візыту ў консульства не было аж на тры месяцы наперад.

А ў —> гэтай тэме на форуме ўладальнікі запрашэньняў у Польшчу сочаць за зьяўленьнем новых магчымасьцяў наведаць консульства.

Пасярэднікі: шматразовыя радасьці

Турыстычныя фірмы, а таксама вольныя прадпрымальнікі заўжды могуць прыйсьці на дапамогу і зрабіць вам аднаразовую ці нават шматразовую візу. Некаторыя прадпрымальнікі нават прапануюць нацыянальную візу, якая дазваляе фактычна жыць у Эўразьвязе.

Дастаткова адшукаць у Інтэрнэце на сайтах турфірмаў альбо форумах тых, хто аказвае падобныя паслугі. Многія з тых, хто абяцае дапамагчы зь візамі, робяць сваю працу даволі хутка, і ўжо празь некалькі тыдняў вы можаце займець у пашпарце жаданую візу.

Аднак сувязі з пасярэднікамі ў візавых пытаньнях цягнуць адразу некалькі верагодных наступстваў. Па-першае, такія паслугі каштуюць нямала. Калі справе ідзе аб аднаразовай візе ў Літву на 10 дзён, то заплаціць турфірме трэба ня больш за $20. Але калі справа заходзіць аб шматразовай візе, то пасярэднікі возьмуць да $180 за гадавы шэнген.

Па-другое, ніводны з пасярэднікаў ня можа гарантаваць 100% посьпех у атрыманьні візы. Пры гэтым грошы свае вярнуць наўрад ці ўжо атрымаецца.

І, нарэшце, такія «пасярэдніцкія» візы часам аказваюцца незаконнымі, бо выдаюцца паводле дакумэнтаў на няісную пасаду ў замежнай кампаніі ці супрацы з замежнай фірмай. Таму на мяжы трэба быць асьцярожным: часам здараюцца выпадкі, калі памежнікі «разварочваюць» беларусаў са шматразовымі візамі, бо лічаць, што ў ЭЗ ўладальнікі «набытага» шэнгену ўязджаюць без падставы.

Важна зьвярнуць увагу

Колькі б вы не заплацілі турыстычнай фірме, шэнгенскую візу не дадуць, калі ў вашым пашпарце няма як мінімум двух чыстых старонак. Пашпарт павінен быць выдадзены менш як 10 гадоў таму. Тэрмін дзеяньня пашпарту павінен як мінімум на тры месяцы перавышаць тэрмін сканчэньня візы, якую запытвае заяўнік.

Запрашэньне: законны шлях

Самы дакладны шлях атрыманьня шэнгенскай візы — зварот у амбасаду з запрашэньнем ад прыватнай асобы (напрыклад, вашага сваяка ці сябра з ЭЗ) альбо арганізацыі (зь якой вы супрацоўнічаеце). У гэтым выпадку ў супрацоўнікаў амбасады любой шэнгенскай краіны мусіць узьнікнуць найменшай колькасьць пытаньняў да вас.

Да прыкладу, літоўскую шматразовую візу можна атрымаць толькі пры наяўнасьці службовых сувязяў зь літоўскай арганізацыя (у гэтым выпадку можа спатрэбіцца нават кантракт зь літоўскай арганізацыяй), альбо сваякоў у гэтай краіне (бацькі, браты, сёстры ці дзеці). Акрамя гэтага, права на шматразовую візу дае ўласнасьць у Літве ці жаданьне набыць у ёй аўтамабіль.

Візы на 5 гадоў — рэальна?

Нядаўна ў Інтэрнэце зьявіўся ліст прадстаўніка літоўскага МЗС, у якім высьветліліся дзьве цікавыя візавыя акалічнасьці: шэнгенская віза можа ставіцца і адзін раз на 2 ці нават 5 гадоў. Болей за тое, такіх візаў толькі літоўскія консульствы ў Беларусі паставіла за мінулы год болей за паўтысячы.

«Міністэрства замежных спраў інфармуе, што грамадзяне Беларусі […] маюць права зьвяртацца ў амбасады і консульскія ўстановы Літоўскай Рэспублікі з заявай на выдачу шэнгенскіх візаў тэрмінам дзеяньня да пяці гадоў», — гаворыцца ў лісьце дырэктара консульскага дэпартамэнту МЗС Літоўскай Рэспублікі Андруса Пулокаса.

Прадстаўнікі кампаніі «Ў Беларусь і Эўропу — бязь візы» тым ня менш адзначаюць пэўныя праблемы з атрыманьнем падобных візаў беларусамі. Для такой візы абавязкова патрэбнае запрашэньне на тэрмін ад двух да пяці гадоў. Але атрымаць яго ня так лёгка: міграцыйныя службы Літвы часам вельмі адмоўна ставяцца да сваякоў ці кампаній, што мараць запрасіць беларусаў на тэрмін, большы за 1 год. Але гэта магчыма. Адпаведныя дакумэнты ў арыгінале і перакладзе вам і вашым партнэрам у дапамогу!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.