У «Арт Сядзібы» адбіраюць памяшканьне

Дырэктару культурнай адкрытай пляцоўкі «Арт Сядзіба» Паўлу Белавусу загадана да 23 ліпеня вызваліць памяшканьне, якое займае творчая ўстанова, хоць паводле дамовы арэнда была падпісаная да 31 кастрычніка 2012 году. 


«Пляцоўка для творчай самарэалізацыі па-беларуску» адчынілася ўсяго паўгады таму

Адпаведны пісьмовы загад Паўлу Белавусу сёньня 25 чэрвеня ўручыла кіраўніцтва прадпрыемства «Гарызонт - Белінвест - Дэвелапер», дзе «Арт Сядзіба» арэндуе памяшканьне ад сьнежня 2011 году.

Арандадаўцы патлумачылі сваё рашэньне тым, што нібыта гаспадары «Арт Сядзібы» парушаюць правілы пажарнай бясьпекі і прапускны рэжым, а наведнікі ўстановы шмат кураць.

У сапраўднасьці прычыны адмовы арэнды зусім іншыя, патлумачыў «Радыё Свабода» Павал Белавус:

«Арт Сядзіба» заўсёды пазыцыянавала сябе як беларускамоўны моладзевы асяродак. За сем месяцаў нашай дзейнасьці ў «Арт Сядзібе» адбылося больш за сто творчых імпрэзаў — гэта кінапаказы, літаратурныя вечарыны, мастацкія выставы і моладзевыя дыскусіі. У нас пабывалі тысячы чалавек, і дагэтуль мы не атрымлівалі ніякіх заўвагаў. Мы не засакрэчвалі сваю дзейнасьць і адкрыта паведамлялі і давалі абвесткі пры свае імпрэзы ў сацыяльных сетках. Гэткім чынам у нас зьбіралася вялікая колькасьць грамадзка актыўнай моладзі. І сустрэчы зь вядомымі палітыкамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі ці музыкамі, як, да прыкладу, Вінцуком Вячоркам, Пятром Садоўскім, Ігарам Кузьняцовым ці Лявонам Вольскім, не маглі быць незаўважанымі і з боку ўладаў.

Але апошняй кропляй, відаць, стала правядзеньне сустрэчы з нагоды 10-гадовага юбілею "Бібліятэкі Свабоды" — кніжнай сэрыі Радыё Свабода. Арандадаўцы заяўляюць нам, што мы ня маем права праводзіць сустрэчы і розныя іншыя імпрэзы. Але менавіта пра гэта і гаворыцца ў дамове арэнды, бо мэтай адкрыцьця нашай "Арт Сядзібы" і была рэалізацыя самых розных творчых моладзевых ініцыятываў. Думаю, што насамрэч гэтае рашэньне было прынятае кімсьці і дзесьці звонку».

Стваральнікі «Арт Сядзібы» зьвярнулася да сваіх наведнікаў і прыхільнікаў праз сацыяльныя сеткі:

Дзьве акцыі ў падтрымку «Арт Сядзібы»

1. Калі ласка кожны, хто хоць раз бываў у "Арт Сядзібе" напішыце ліст на адрас арэндадаўцы:
220029, г. Мінск, вул. Чырвоная 7, к. 4,
дырэктару ЗАТ "Гарызонт - Белінвест - Дэвелапер" Г.П. Азараву
з тэкстам:
Я, Імя і Прозьвішча, зьвяртаюся да Вас з просьбаю не скасоўваць дамову з ІАУ "Амарока" (Арт Сядзіба), бо "Арт Сядзіба - гэта ... (ваш тэкст, чаму "Арт Сядзібу" не трэба зачыняць?).

2. Калі вы ведаеце ў цэнтры Мінску альбо непадалёку ад цэнтру месца альбо памяшканьне, якое патэнцыйна ў будучым мы маглі б арэндаваць для ўзнаўленьня дзейнасьці "Арт Сядзібы" альбо самыя з'яўляецеся ўладальнікамі памяшканьня ці ведаеце такіх, то калі ласка пішыце на e-mail: artsiadziba@gmail.com


Зусім нядаўна выйшаў дакумэнтальны фільм пра дзейнасьць пляцоўкі «Арт Сядзіба. Ад ідэі да падзеі»

18:55, 25/06/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0666 seconds.