Ломка асноваў вышэйшай адукацыі будзе небяздумнай

Дзяржсакратар савету бясьпекі Леанід Мальцаў заявіў, што ў Беларусі ня будзе бяздумнай ломкі асноў вышэйшай адукацыі. Замест гэтага над рэформамі будуць думаць.

Былы міністар абароны, а цяпер кіраўнік рады бясьпекі генэрал-палкоўнік Леанід Мальцаў 13 красавіка сустракаўся са студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчаваньня.

«Хуткае ломкі асноў адукацыі дапускаць нельга, усё крокі у гэтым накірунку павінныя быць узважанымі і абдуманымі», — сказаў на сустрэчы сакратар рады бясьпекі.

Па словах генэрал-палкоўніка, усе рашэньні па рэформе вышэйшай адукацыі будуць толькі выверанымі і глыбока прадуманымі, каб удасканаліць, а не нашкодзіць існуючай сыстэме.

Паводле словаў кіраўніка рады бясьпекі, галоўны рэсурс краіны — адукаваныя прафэсіяналы. Аб гэтым піша БелТА.

Мальцаў стаў першым чыноўнікам такога рангу, які назваў апошнія зьмены ў беларускай адукацыі рэформамі. Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч, як і іншае кіраўніцтва краіны, прынцыпова пазьбягае слова «рэформы». А ў інтэрвію Маскевіч ня раз казаў нешта кшталту: «рэформаў ня будзе, хаця шліфаваць прыйдзецца».

Нагадаем, нядаўна Мінадукацыі абвясьціла аб намеры перавесьці вялікую колькасьць спэцыяльнасьцяў у ВНУ на 4-гадовае навучаньне, скараціць колькасьць гуманітарных дысцыплінаў ва ўнівэрсытэтах, падвысіць у два разы кошт навучаньня па найбольш прэстыжных спэцыяльнасьцях, адначасова скараціўшы па ім набор, перавесьці выкладаньне геаграфіі і гісторыі Беларусі ў школах на беларускую і адначасова моцна скараціць наборы на пэдагагічныя спэцыяльнасьці, зьвязаныя зь беларускай мовай, а ў Беларусь прывезьці 20 тысячаў замежных студэнтаў.

Нехта называе гэтыя зьмены «ломкай і рэформай», нехта — «шліфоўкай».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.082 seconds.