Akute выдалі альбом пра мяжу рэальнасьці і сну

Гурт Akute выклаў у Інтэрнэт новы альбом «Не існуе». Музычны матэрыял дыска музыкі лічаць больш цэльным і мінімалістычным, у знак чаго на вокладцы яны зашыфравалі прывітаньне Казіміру Малевічу.


Прывітаньне Казіміру Малевічу

Праца над альбомам «Не існуе» пачалася адразу пасля завяршэньня запісу дэбютнага мінулагодняга дыска «Дзевачкі і космас», які прынёс калектыву вядомасьць у альтэрнатыўных колах. Гукавую канцэпцыю альбома шмат у чым вызначыла песня «Кроў бы вада» і супрацоўніцтва з гукарэжысэрам Яўгенам Сухавеем.

– «Кроў бы вада» завяла нас у бок больш мінімалістычнага гучаньня. Нам стала цікава дасягнуць максімума эмоцый пры мінімуме музычных срокаў, — прызнаецца бас-гітарыст Раман Жыгараў. – Важную ролю ў гэтым працэсе адыграў Жэня Сухавей – мы далі яму запісаныя ў Магілёве трэкі і не абмяжоўвалі яго творчы пошук. У выніку ён не толькі зрабіў зьвядзенне, але і выступіў у ролі саўндпрадусара дыска. Некаторыя яго крокі былі цалкам нечаканымі – напрыклад, у песні «Іголкі» ён ператварыў гітару ў арган. Але нам спадабалася!

Akute не страцілі фірмовага мэлядызму, але ад бадзёрай касьмічнай рамантыкі першага альбому музыкі адышлі ў бок больш дэпрэсіўных і часам нават страшнаватых сюжэтаў. Пры гэтым спадзеў на добры фінал на плытцы ўсё ж прысутнічае.

– Альбом атрымаўся больш цэльным, у тым ліку і па тэкстах. Яны больш сумныя, у іх ёсьць адчуваньне таго, што ты знаходзісься на мяжы рэальнасьці і сну, калі ты прачынаесься і нічога не разумееш, але я б не назваў іх негатыўнымі і беспрасьветнымі. Калі я сьпяваю гэтыя песні, я не адчуваю цяжару. Наадварот, мне становіцца лягчэй, – распавядае вакаліст Стас Мытнік.

Да менскай прэзэнтацыі новай праграмы, якая адбудзецца 21 красавіка ў клюбе Re:Public з удзелам гурта Hum Flying Bulletproof Noodle, выйдзе CD-выданьне. Яго супольна выдадуць лэйблы Вігма і BMA Group.

21 красавіка ў клюбе Re:Publiс, 19.00.

Гурт Akute з прэзэнтацыяй новага альбома «Не існуе».

Адмысловы госьць – гурт Hum Flying Bulletproof Noodle.

Квіткі: 45 тыс (першыя 100), 55-65 тыс. (астатнія, папярэдне), 75 тыс. (столік).

Продаж: пераход на пл.Я.Коласа, пераход каля ГУМа, клуб Re:Public, ГЦ Купалаўскі (пав.19), ГЦ Рыга (пав.18) і інш.

Даведка: (029) 649 08 88, (029) 110 35 35.

21:40, 05/04/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0821 seconds.