Генпракуратура настойвае на забароне продажу алькаголю да 21 году

200 тысячаў беларусаў «вядуць асацыяльны лад жыцьця» з-за праблем з алькаголем, — кажа Генэральная пракуратура і прапануе ўраду ў адказ увесьці забарону на продаж такіх напояў асобам, якім яшчэ няма 21 году. Ліст з такой прапановай нядаўна быў накіраваны прэм’ер-міністру.

«Наша пазыцыя адзіная з пазыцыяй Міністэрства аховы здароўя. У гэты пэрыяд, з 18 да 21 года, у чалавека фармуецца культура ўжываньня алькагольных напояў, схільнасьць да іх, таму нават па мэдыцынскім крытэрам мы павінныя засьцерагчы гэты ўзрост», — кажа намесьнік кіраўніка аддзелу па наглядзе за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзянаў Генэральнай пракуратуры Павал Елісееў.

Падвысіць на тры гады «алькагольны парог» у Беларусі могуць ужо ў гэтым годзе. Акрамя гэтага, у 2016 годзе могуць цалкам адмовіцца ад вытворчасьці нізкагатунковых пладовых він, пры гэтым акцызы на ўвесь алькаголь могуць быць узьнятыя.

Паводле Елісеева, «праблема алькагольнай залежнасьці зьяўляецца для беларускага грамадзтва вельмі істотнай». Як перадае БелТА, каля 200 тысячаў беларусаў, пакутуюць на алькагалізм і вядуць асацыяльны лад жыцьця.


Спажываньне алькаголю ў літрах на чалавека, старэйшага за 15 гадоў, у Беларусі: піва, віно, сьпірт, іншае, агулам

Але пакуль намаганьні пракуратуры ў асноўным нагадваюць піяр уласнай ідэі. Аб жаданьні забараніць продаж алькаголю прадстаўнікі ведамства казалі ня раз, але з таго моманту нічога не зьмянілася. Затое продаж гарэлкі за мінулы год узрос на чвэрць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0795 seconds.