Дапаможам Стасі!

Маладой беларускай мастачцы, студэнтцы менскай акадэміі мастацтваў Стасі Майстрэнка, патрэбная дапамога ў барацьбе зь цяжкой хваробай. У Стасі саркома лёгкіх. Усе сябры 22-х гадовай, жыцьцелюбівай дзяўчыны стараюцца дапамагчы чым могуць. Пасьля паўтарагадовага лячэньня ў Стасі зьявіўся шанец на выздараўленьне, які, на жаль, каштуе немалых грошай. Цяпер усё залежыць ад неабыякавасьці кожнага з нас.

18 сакавіка адбудзецца дабрачынны канцэрт, дзе будуць зьбірацца сродкі на лячэньне Стасі. У unplugged-фармаце выступяць Руся і CherryVata crew, гурт Sounduk, Паліна Рэспубліка, а таксама гурт BosaeSonca.

Разынкай імрэзы стане нестандартны фармат выступаў. Вядомая ў беларускай музыцы па працы ў гуртах Indiga, Akana i Shuma, сьпявачка Руся падрыхтуе адмысловы акустычны сэт з музыкамі гурта CherryVata. У імправізаваным выступе будуць задзейнічаныя запрошаныя музыкі з выкарыстаньнем разнастайных акустычных інструмэнтаў. Гурт BosaeSonca пакажа частку unplugged-праграмы з струнным квартэтам, над якой зараз працуюць музыкі. Ганна Хітрык і гурт Sounduk зайграюць акустычны сэт з сваіх лепшых песень. Да кампаніі далучыцца таксама маладая сьпявачка Паліна Рэспубліка, якая набірае папулярнасьць з кожным днём.

На канцэрце таксама адбудзецца аўкцыён-распродаж твораў мастацтва ад розных беларускіх творцаў, сяброў Стасі і проста неабыякавых людзей мастацтва.

«Добрая нядзеля!» — гэта той прыклад, калі музыкі розных стыляў і з розных тусовак аб’ядналіся з адной мэтай — дапамагчы чалавеку, якому сапраўды патрэбная дапамога. Даць маладой творчай асобе сапраўдны шанец на жыцьцё.

Дапамагчы можа і кожны з вас!

Уваход на канцэрт будзе каштаваць добраахвотнага ахвяраваньня на лячэньне Стасі. Суму ахвяраваньня кожны вырашыць для сябе сам. Музыкі-выступоўцы заклікаюць памятаць, што чым большую шчодрасьць і неабыякавасьць выкажа кожны з нас, тым больш шансаў у Стасі на выздараўленьне.

Тыя ж, хто на канцэрт трапіць ня змогуць, маюць магчымасьць дапамагчы Стасі, пералічыўшы грашовае ахвяраваньне (банк.рахункі).

Адбудзецца unplugged-канцэрт «Добрая нядзеля!» 18 сакавіка ў кафэ «Loft» (Менск, вул. Пятруся Броўкі 22). Пачатак а 18:00.

17:00, 07/03/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0488 seconds.