«Будзьма» прэзэнтавала цмока

У галерэі «Ў» паказвалі выявы новага турыстычнага сымбалю Беларусі па вэрсіі грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». На імпрэзу пад назовам «Цмок-тур» можна было патрапіць толькі па адмысловым запрашальніку-візе, а празь яе — і ў краіну цмокаў.

Як тлумачаць стваральнікі кампаніі, новы сымбаль — частка камунікацыйнага праекту, які спрыяе фармаваньню сучаснага культурніцкага коду і візуальнай прасторы Беларусі на падставе нацыянальнага, беларусацэнтрычнага падыходу.

«Мы прапанавалі ў якасьці турыстычнага сымбалю краіны цмока, якога лічым вельмі харызматычным пэрсанажам айчынай міталёгіі. Пакуль у беларускага «калегі» шатляндзкай Нэсі няма ўласнага імя, але гэта справа часу», — распавядала ў прэзэнтацыі каардытарка кампаніі Алена Макоўская.

Праект пачаўся ў кастрычніку 2011 года, калі журналіст Зьміцер Навіцкі выправіўся шукаць цмока на Палесьсе. Пазьней гісторыю і характар міталягічнай істоты абмяркоўвалі ў шэрагу СМІ ды сацыяльных сетках. Каб візуалізаваць новы сымбаль ініцыятары кампаніі прапанавалі тры выявы цмокаў, адзін зь якіх па выніку і стаў фінальным і прэзэнтаваным сёньня.


Ролік «Краіна Цмокаў», падрыхтаваны ў межах кампаніі Зьмітром Вайноўскім

«Будзьма беларусамі!» працягне «цмок-туры» і пасьля 1 сакавіка. Так, плянуецца спэцыяльная праграма для кіраўнікоў турфірмаў, уладальнікаў агарасядзібаў, а таксама для журналістаў і блогераў, прадстаўнікоў культурніцкіх установаў.

21:00, 01/03/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1814 seconds.