Колькі беларускіх шлюбаў застаюцца незруйнаванымі

У Беларусі працягваецца тэндэнцыя росту колькасьці шлюбаў, якія распадаюцца.

У 2009 годзе на 1 000 шлюбаў прыпадала 427 разводаў, у 2010 — 468 разводаў, а ў студзені 2012 — цэлых 930 на тысячу. Аб гэтым паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Як адзначаюць статыстыкі, рэкордная лічба разводаў на 1 000 шлюбаў у студзені гэтага году вылучаецца ня толькі ў параўнаньні зь сярэднім гадавым паказчыкам, але і перавышае адпаведную лічбу ў студзені году мінулага амаль на 30%. Бо тады на 1000 шлюбаў прыпадала 673 разводы супраць цяпершаніх 930.

Пры гэтым у першым месяцы 2012 году вырасла агульная колькасьць разводаў — на 14,9%, і зьменшылася колькасьць шлюбаў — на 17% у параўнаньні з тым жа пэрыядам.

Адзіная добрая навіна ад сацыёлягаў на сёньня — у студзені 2012 вырасла колькасьць народжаных дзяцей — на 400 болей, чым у тым жа месяцы год таму.


Колькасьць шлюбаў і разводаў у Беларусі ў студзені 2011 і 2012 гадоў. Дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту

Першыя ў сьвеце — па колькасьці разводаў

У 2010 годзе па колькасьці разводаў на тысячу чалавек наша краіна займала першае месца ў Эўропе і адно самых высокіх у сьвеце. Сёлета Беларусь мае ўсе шанцы замацаваць свае лідзіруючыя пазыцыі ў гэтым рэйтынгу.

Цікава, што беларускі ўсё часьцей аддаюць перавагу замежным жаніхам. Калі ў 2005 годзе шлюбы нашых нявест з замежнымі жаніхамі складалі 2%, то ў 2009 годзе — ужо 2.5%. То бок болей за 3 тысячы беларусак у 2009 выйшлі за замежніка.

Як кажуць ва ўпраўленьні народанасельніцтва, выбраньнікі беларусак, збольшага, — грамадзяне краін СНД.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0668 seconds.