Новы альбом «Ляпісаў» будзе называцца «Рабкор»

«Ляпіс Трубяцкой» анансаваў назву новага альбому, які абяцае быць самым жорсткім з усёй творчасьці гурта. Сяргей Міхалок гаворыць, што альбом будзе надзвычай актуальным — «Ляпісы» будуць займацца фактычна журналістыкай з дапамогай музыкі, граючы песьні паводле самых гарачых падзеяў.

«Рабкор — гэта вельмі ёмісты і вельмі шматзначны панятак, — кажа Сяргей Міхалок. — З аднаго боку, гэта гучыць як назва музычнага стылю, па аналёгіі з хардкорам, брэйккорам, ска-корам, гэта такая музыка паўсталых рабоў. І я магу сказаць, што новы альбом будзе самым лютым і жорсткім з усіх запісаў, калі-небудзь зробленых групай "Ляпіс Трубяцкой".

Зь іншага боку, "Рабкор" — гэта скарачэнне ад старога панятку "працоўны карэспандэнт". А мы цяпер будзем займацца менавіта што музычнай журналістыкай. Не ў сэнсе напісаньня артыкулаў пра музыку, а ў сэнсе напісаньня песень-перадавіцаў па гарачых сьлядах падзей. Гэта не кан'юнктура, гэта сучаснае і актуальнае мастацтва, як я яго разумею. Мастацтва, якое адбываецца тут і цяпер. Музычная гонзо-журналістыка. А тое, што песьні, напісаныя па такім прынцыпе, могуць хутка састарэць — гэта мяне не хвалюе. Больш за тое, я да гэтага імкнуся!

Я мару пра тое, каб праз 5 ці 10 гадоў людзі наогул не разумелі, пра што мы сьпявалі ў 2012 годзе. Каб усе гэтыя праблемы зьніклі з жыцьця людзей. І тады мы зноў вернемся да песень пра каханьне, кветачкі і Млечны шлях».

Ляпис Трубецкой

Цяпер гурт знаходзіцца ў туры «Ня быць скотам». Кожны канцэрт якога адбываецца з надвычайным аншлягам.

«У нас цяпер адбываецца перазагрузка канцэртнай праграмы, — тлумачыць Міхалок. — Мы зноў граем песьні "12 обезьян","Пульс эпохи" ды іншыя нумары, якія ўсяго пару гадоў таму многім здаваліся надуманымі, адарванымі ад рэальнасьці.

Нашы песьні пра "маладосьць і радасьць, анархію і лютасьць" выглядалі буфанадай, і толькі цяпер раптам усім стала зразумела, што гэта ніякія ня сны і не мэтафары, гэта мастацкі рэалізм у чыстым выглядзе. Гэтыя песьні толькі цяпер пачалі па-сапраўднаму чапляць людзей за жывое — толькі гэтым я і магу растлумачыць тое, што з кожным канцэртам на нас ходзіць усё больш і больш народу, усё роўна — мэгаполіс гэта ці раённы цэнтр».

15:40, 15/02/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0819 seconds.