Якія спэцыяльнасьці найбольш папулярныя ў беларускіх студэнтаў
Беларускія студэнты неверагодна любяць эканоміку: 180 тысячаў чалавек цяпер вучацца ў нашай краіне на спэцыяльнасьцях эканамічнага профілю. Ну другім месцы па папулярнасьці — будаўнічыя і архітэктурныя спэцыяльнасьці. А вось да працы ў службах бясьпекі ў нас цяпер рыхтуюць 9 тысячаў чалавек.
Эканоміка — галоўная спэцыяльнасьць беларусаў. Ніводную іншую навуку ў Беларусі не вывучае такая колькасьць студэнтаў. 40% усіх навучэнцаў ВНУ ці 180 тысячаў чалавек вучацца на эканамічных спэцыяльнасьцях. Прычым амаль усе студэнты ў прыватных ВНУ вучаць менавіта эканоміку.
Дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту
Эканоміцы моцна саступаюць будаўнічыя і архітэктурныя дысцыпліны. Гэтак, атрымаць дыплём па «Архітэктуры і будаўніцтве» альбо «Тэхніцы і тэхналёгіям» рыхтуюцца цяпер 113 тысячаў студэнтаў. Такія дадзеныя на 2011 год былі апублікаваныя БелТА са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.
Трэція па папулярнасьці — пэдагагічныя спэцыяльнасьці. Нягледзячы на верагодныя фінансавыя праблемы ў выпадку пасьпяховага сканчэньня ўнівэрсытэтаў, да настаўніцкай кар’еры рыхтуюцца каля 50 тысячаў ці 11% усіх студэнтаў.
Вышэйшую адукацыю па профілю «Службы бясьпекі» атрымлівае кожны пяцідзесяты беларускі студэнт — агулам каля 9 тысячаў студэнтаў рыхтуюцца да працы ў міліцыі і КДБ.
Звычайны студэнт — дзяўчына-платніца з рэгіёну, якая вучыць у Менску эканоміку
Лічбы дазваляюць «вывесьці» сярэдняга беларускага студэнта. Паколькі больш за палову ўсіх студэнтаў (53%) навучаюцца ў сталічных ВНУ, а амаль 60% студэнтаў — дзяўчыны, то сярэдні беларускі студэнт зусім не студэнт, а студэнтка. Пры гэтым больш за палову ўсіх беларускіх студэнтаў — іншагароднія. Дарэчы, узрост іх звычайна не вышэйшы да 24 гады.
Адзіная бяда беларускіх студэнтаў паводле статыстыцы — малая колькасьць бясплатных месцаў для навучаньня. Толькі кожны трэці студэнт ня плаціць за адукацыю. Пры гэтым, тая траціна бясплатнікаў так ці інакш пасьля навучаньня мусіць адправіцца на прымусовае разьмеркаваньне.