Менск — самая небясьпечная сталіца Эўропы

Калі не ўлічваць Маскву, Менск можна назваць найменш бясьпечнай сталіцай эўрапейскага кантынэнту. Такую выснову робяць складальнікі рэйтынгу ўзроўню асабістай бясьпекі гарадоў сьвету, апублікаваным амэрыканскай кампаніяй Mercer. Паводле той жа кампаніі, Менск ня самы лепшы горад для жыцьця — у сьпісе гарадоў найлепшых для жыцьця ён заняў 182-е месца з 221-о магчымага.


Беларуская сталіца 182-я па якасьці жыцьця і 171-я па бясьпецы. Фота Менску, зробленае маскоўскімі руфэрамі

Нью-Ёркская кампанія Mercer, якая працуе ў сфэры чалавечых рэсурсаў і фінансавых кансультацый, узьняла Менск на тры пазыцыі ўверх у параўнаньні зь мінулым годам у чарговым рэйтынгу якасьці жыцьця ў розных гарадах сьвету. І паставіла беларускую сталіцу на 171-е месца па ўзроўні асабістай бясьпекі.

Узровень жыцьця горшы, чым у суседзяў

За год сталіца Беларусі ўзьнялася на тры радкі ў рэйтынгу найлепшых для жыцьця гарадоў сьвету. Аднак Менск дагэтуль — найгоршы горад у сьпісе ў параўнаньні са сталіцамі нашых суседзяў. Гэтак Вільня заняла 79-е месца ў тым жа рэйтынгу, Варшава — 83-е месца, Рыга — 91-е, а Кіеў пастаўлены на 161-е месца. Расея прадстаўленая ў гэтым рэйтынгу Масквой і Санкт-Пецярбургам, якія занялі адпаведна 163-165-е і месцы.

Агулам у сьпіс кампаніі трапіў 221 горад зь пяці кантынэнтаў. У першай дзесятцы пераважаюць эўрапейскія гарады. На першым месцы па якасьці жыцьця, як і год таму, апынулася аўстрыйская Вена, на другім — швэйцарскі Цюрых, на трэцім — самы буйны горад Новай Зэляндыі Окленд, на чацьвёртым — Мюнхен, на пятым — Дзюсэльдорф і Ванкувер, на сёмым — Франкфурт, на восьмым — Жэнева, дзевятае месца падзялілі Бэрн і Капэнгаген.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе Mercer, горшым для жыцьця горадам сьвету названы Багдад, які разьмясьціўся на 221-м радку рэйтынгу. Беларускую і іракскую сталіцу падзяляюць 39 гарадоў.

Гарады ацэньваліся з пункту гледжаньня разьвітасьці інфраструктуры, сацыяльных і мэдыцынскіх установаў, а таксама магчымасьці знайсьці працу з добрым прыбыткам. Акрамя гэтага, улічваліся паказчыкі палітычнай і эканамічнай стабільнасьці. На аснове дадзеных рэйтынгу ўрады і шматнацыянальныя карпарацыі могуць вылічваць памер зарплаты для сваіх супрацоўнікаў пры адпраўцы іх на працу за мяжу.

Мумбаі і Луанда бясьпечнейшыя за Менск


Зь бясьпекай няважна: бывае, што зь менскіх вуліцаў зьнікаюць людзі

Акрамя гэтага, сёлета Mercer прадставіла і дадатковы рэйтынг — узроўню асабістай бясьпекі ў тых жа гарадах сьвету. Пры яго складаньні ўлічваліся ўнутраная і зьнешняя стабільнасьць, узровень злачыннасьці, эфэктыўнасьць работы праваахоўных органаў.

Менск разьмясьціўся у рэйтынгу Mercer на 171-м месцы. Гэта адразу пасьля сталіцы Альбаніі Тыраны і перад бразыльскім Рыё-дэ-Жанэйра. Сярод эўрапейскіх сталіц Менск заняў апошняе месца. Праўда, расейская Масква яшчэ менш бясьпечная — яна ў сьпісе названая толькі 199-й.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1022 seconds.