БРСМ і піянэры хочуць стварыць моладзевую раду пры Мінадукацыі

Моладзевую раду пры Міністэрстве адукацыі плянуюць стварыць у Беларусі БРСМ і піянэрская арганізацыя. Гэткім чынам чыноўнікі спадзяюцца абавязаць моладзь «раіцца» зь імі па важных пытаньнях, а таксама выявіць лідэраў моладзевага руху.

Як заявіў намесьнік міністра адукацыі Віктар Якжык, «моладзевую раду» пры Міністэрстве адукацыі будуць ствараць разам з БРСМ і піянэрамі. Адпаведны праект такой арганізацыі цяпер знаходзіцца на ўзгадненьні ў Міністэрстве.


Сябры Моладзевай палаты пры Менскім савеце. Кадр зь сюжэту БТ

Раду плянуецца стварыць з мэтай выяўленьня лідэраў моладзевага руху, удзелу яе ў праектнай дзейнасьці, пашырэньня міжрэгіянальных кантактаў, перадае БелТА.

Віктар Якжык сьцьвярджае, што цяпер рашэньні ў сфэры моладзевай палітыцы будуць абавязкова абмяркоўвацца з моладзьдзю.

«Актыўную ролю ў вырашэньні пытаньняў сацыяльных гарантый і абароны маладых людзей павінны гуляць студэнцкія саюзы, аб’яднаньні і іншыя арганізацыі», — дадаў ён.

Верагодна, Рада будзе працаваць па схеме моладзевай палаты, што цяпер дзейнічае пры Менскім гарадзкім савеце дэпутатаў. У пачатку восені яе сябры былі заўважаныя сярод арганізатараў Дня вулічнай музыкі, што прайшоў у час сьвята гораду ў Менску. Палітызаваны адбор музыкаў на гэта мерапрыемства выклікаў шэраг нараканьняў збоку грамадзтва і музычнай супольнасьці.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0793 seconds.