Рэктар з чорнага сьпісу ЭЗ стаў сябрам Эўрапейскай акадэміі

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка стаў першым беларускім навукоўцам, абраным сапраўдным сябрам Эўрапейскай акадэміі. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што Абламейка ня можа трапіць на сустрэчы арганізацыі, бо супраць яго дзейнічаюць візавыя санкцыі Эўразьвязу за адлічэньні студэнтаў па палітычных матывах.

Рэктар БДУ Абламейка Сяргей Уладзіміравіч

Як паведамляе прэс-служба БДУ, рэктар Сяргей Абламейка абраны сапраўдным сябрам грамадзкай няўрадавай арганізацыі Эўрапейская акадэмія, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Лёндане. У акадэмію яго рэкамэндавала мінімум два яе сябры, а выбралі яго на пасяджэньні сэкцыі інжынэрных і фізычных навук.

Эўрапейская акадэмія ўключае 2.300 навукоўцаў з 35 эўрапейскіх краін і васьмі неэўрапейскіх дзяржаў. У іх ліку — звыш 40 нобэлеўскіх ляўрэатаў. Арганізацыя выступае ў якасьці элітнага клюбу для навукоўцаў. Сяброўства ў арганізацыі патрабуе сяброўскіх унёскаў у 120 эўра ў год.

Наступная канфэрэнцыя арганізацыі адбудзецца 12 верасьня 2012 году ў Нарвэгіі. Аднак рэктар БДУ наўрад ці здолее трапіць на яе, бо Нарвэгія далучылася да візавых санкцый Эўразьвязу, якія забараняюць спадару Абламейку ўезд на яго тэрыторыю. ЭЗ лічыць, што ён датычны да адлічэньня студэнтаў па палітычных матывах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.