The Toobes: «Мы хочам, каб наша пакаленьне прачнулася»

Гурт The Toobes завяршае працу над новым альбомам, які атрымаў назву «My Generation». Канцэртная прэзэнтацыя дыска адбудзецца 26 лістапада ў менскім клюбе «Re:Public».

Гэта другі студыйны альбом у дыскаграфіі калектыву. Дэбютны дыск «Hello» (2009) прынес The Toobes узнагароды Experty.by («Лепшы альбом 2009»), «Рок-каранацыі» («Дэбют года»), пахвалы замежных крытыкаў і нават вядомага брытанца Трыкі.

«Мы не стаім на месцы — на гэтым альбоме іншы гук, ды і наагул ёсьць нейкія рэчы, якія мы раней не рабілі ці не маглі зрабіць. Зь іншага боку, тут няма рэпу, электронікі ці чагосьці яшчэ такога. Мы працягваем граць рок-н-рол, толькі цяпер яшчэ мацней, яшчэ больш магутней», — распавёў гітарыст The Toobes Косьця Пыжоў.

Назва новага альбома пераклікаецца з песьняй The Who «My Generation» — адным з галоўных рок-гімнаў усіх часоў і народаў. Але для ўдзельнікаў The Toobes гэта ня проста даніна павагі музыцы 60-х, якая ляжыць у аснове іх творчасьці.

«Мы хочам, каб наша пакаленьне прачнулася, выпаўзла са сваіх кватэраў і Фэйсбуку. Хопіць спаць! Час варушыцца і праяўляць сябе!» — заклікае вакаліст / бубнач гурта Стас Ламакін.

Альбом «My Generation» выйдзе ў пачатку лістапада. Акрамя Беларусі група прадставіць дыск у Польшчы (5 лістапада — Беласток), Украіне (12 лістапада — Кіеў), Расеі (10 сьнежня — Санкт-Пецярбург).

26 лістапада ў клюбе Re:Public (вул. Прытыцкага 62, м. «Кунцаўшчына») прэзэнтацыя новага альбома The Toobes «My Generation». Вялікі канцэрт + rock'n'roll afterparty ўсю ноч. Пачатак у 19.00.Квіткі: 50 тыс. (танцпляц). Інфалінія: (044) 794 80 22, (029) 661 22 70.

11:31, 19/10/2011 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1696 seconds.