Былы прэзыдэнт Польшчы заклікаў даць беларускім студэнтам болей стыпэндый у Эўропе

Былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі лічыць, што Эўрапейскі зьвяз павінен весьці актыўную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, у тым ліку пашыраць праграмы студэнцкага абмену і магчымасьці для атрыманьня стыпэндый у ЭЗ.


Аляксандр Квасьнеўскі. Фота Фонду Віктара Пінчука

«Трэба арганізаваць для студэнтаў, маладых людзей зь Беларусі стыпэндыі ў краінах Эўрапейскага зьвязу. Для нас гэта арганізоўвалі ў Заходняй Эўропе ў 70-80-я гады, і гэта дапамагло», — сказаў Квасьнеўскі, які меў на ўвазе шматлікія праграмы падтрымкі незалежнай адукацыі і думкі польскіх інтэлектуалаў у часы савецкай Польшчы. Заява прагучала ў эфіры украінскай тэлекампаніі «5 каналы», перадае РБК-Украіна.

Таксама былы прэзыдэнт паскардзіўся на неініцыятыўнасьць палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі:

«Мая парада для Эўрапейскага зьвязу — гэта не сядзець і нічога не рабіць, а мець актыўную палітыку ў напрамку Беларусі. Нам трэба разьвіваць адносіны з грамадзкімі арганізацыямі, зь людзьмі, з палітыкамі з розных палітычных сіл, і дапамагаць ім дзеля таго, каб яны маглі працаваць і выказваць сваё меркаваньне».

Найбольш вядомая стыпэндыяльная праграма для беларускіх студэнтаў за мяжой, названая ў гонар Кастуся Каліноўскага, якраз паўстала ў Польшчы, але ўжо пасьля сыходу Квасьнеўскага з пасады прэзыдэнта.

Але адукацыйныя праграмы ЭЗ пакуль застаюцца амаль цалкам зачыненымі для беларускіх студэнтаў. Напрыклад, у мінулым годзе дзеля ўдзелу ў найбольш папулярнай праграме студэнцкіх абменаў Erasmus Mundus былі запрошаныя толькі 90 беларускіх навучэнцаў, хаця агульная колькасьць удзельнікаў Erasmus дасягае соцень тысячаў чалавек па ўсім сьвеце.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1753 seconds.