Пратэсты ў ЗША: з айфонам за сацыялізм на Плошчы


Сымбаль Wall Street — бронзавы бык вельмі папулярны ў «мірны» час сярод турыстаў

Сьвет паступова паглынае новая хваля пратэстаў: супраць транснацыянальных карпарацый, банкаў і, вядома, за справядлівасьць. Галоўныя яе героі, як заўжды, моладзь і студэнты, захопліваюць Бруклінскі мост і пераймяноўваюць сымбалі мэгаполісаў на мусульманскі лад у гонар арабскай вясны, што на захадзе зьмяняецца восеньню, як спадзяюцца пратэстоўцы, капіталізму. Сьведчаньні відавочцаў пацьвярджаюць тое, дзе б Плошча не знаходзілася, яе каштоўнасьці і атмасфэра застаюцца падобнымі.


Дэманстранты на Бруклінскім мосьце тыдзень таму. Фота Reuters

Захопнікі Ўол-стрыт разьмесьціліся ў сквэры імя Зукоцьці ў паўднёвай частцы Манхэтану, праз дарогу ад плоту, за якім ідзе грандыёзная будоўля на так званым «Граўнд зэро», сьведчыць карэспандэнт BBC. Раней там стаяў Сусьветны гандлёвы цэнтар, і да гэтага месца цягнуцца натоўпы турыстаў. Прыцягнутыя грукатам бубнаў, многія зь іх ідуць да сквэру Зукоцьці, які цяперашнія яго насельнікі перайменавалі ў Сквэр Свабоды, а некаторыя называюць новай плошчай Тахрыр. Позірку турыстаў адкрываецца маляўнічае відовішча.

Старэйшаму пакаленьню яно можа нагадаць мітынгі бурных 60-х з той розьніцай, што маладыя бунтары на поўдні Манхэтану цяпер густа татуяваныя і носяць завушніцы ня толькі ў вушах, але і ў вуснах і насах. Дэманстранты 60-х былі прыбраная ў старую вайсковую форму, якую можна было набыць у шматлікіх па тых часах крамах, якія гандлююць пэнтагонаўскімі лішкамі. Тая форма даўно стлела, крамы лішкаў пазачыняліся, і цяперашнія бунтары апранутыя ў падроблены камуфляж з модных буцікаў.

Нарэшце, у адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, яны экіпіяваныя дарагімі айфонамі, айпэдамі, айподамі і ноўтбукамі фірмы Apple і таму пазьбягаюць называць гэта сьвятое імя, калі ганьбяць «карпаратыўную сквапнасьць», супраць якой змагаюцца.


V значыць "peace". Фота Reuters

Яшчэ адна рэвалюцыя ў сацыяльных сетках

Але такія модныя сродкі камунікацый — яшчэ і рэвалюцыйны інструмэнт. Па прыкладзе сваіх папярэднікаў у Эгіпце, Тунісе, Лёндане 2010 году і, можа быць, нават Беларусі 2011-га, амэрыканская моладзь распачала свой пратэст у Інтэрнэце. Калі ж заклік «Акупаваць Уол-Стрыт» разьнёсься дастаткова далёка па сацыяльных сетках (а гэта часта здараецца са своечасовымі прапановамі), дэманстранты ўпершыню выйшлі на вуліцы Нью-Ёрку.

Заклік хутка падхапілі ў іншых штатах і краінах. У мінулыя выходныя акрамя пратэстаў у Каліфорніі, Нью-Ёрку і Маямі, заклікі пазбавіцца ад глябальных фінансавых монстраў гучалі ў Сіднэі, Рыме, Мадрыдзе, Бэрліне і Лёндане. У апошнім маладых людзей сабраў Твітэр і Фэйсбук, а ачоліў… яшчэ адно дзіця эпохі Інтэрнэту, заснавальнік Wikileaks Джуліан Асандж. Гэтак сустрэліся два найбольш яскравыя вынікі лічбавых часоў: пратэсты праз сацыяльныя сеткі і вялікі выкрывальнік, што набыў вядомасьць і зьдзейсьніў раней нябачанае менавіта празь Сеціва.


Джуліан Асандж прамаўляе перад дэманстрантамі ў Лёндане. Фота AFP

«Хочам як у Швэцыі»

Зрэшты, падабенства сродкаў не выключае адрознасьці ў мэтах. Калі амэрыканскія бунтары 60-х часта матываваліся страхам перад войскам, то шмат хто зь цяперашніх пратэстантаў найперш прыгнечаны банкаўскімі пазыкамі, што былі ўзятыя на навучаньне ў ВНУ, а цяпер ня могуць быць вернутыя. Тыповы плякат манхэтанскай Плошчы: «Я атрымала магістэрскую ступень, у мяне $80 000 даўгоў, мне 23 гады, і я не магу знайсьці працу».

Адзін бок сквэру выходзіць на Брадвэй. Там сталі людзі з плякатамі, вырабленымі з кардонных скрыняў.

«Мы — 99%. Далучайцеся да нас!», — выведзена флямастэрам на кардонцы, якую трымае жанчына сярэдніх гадоў.

Захопнікі лічаць, што яны прадстаўляюць 99% насельніцтва ў процівагу 1% багачоў, якіх трэба раскулачыць.

«Мільярдэры! Ваш час скончыўся!» — абвяшчае плякат 20-гадовага Сэма Плэта.

«Колькі падаткаў трэба браць зь мільярдэраў? — пытаюцца журналісты, — 90% задаволіць?»

«Як у Швэцыі?! — радуецца Плэт. — Супэр!»

У захопнікаў ёсьць любімыя мільярдэры, напрыклад, Джордж Сорас. Ёсьць і нелюбімыя, напрыклад, браты Дэвід і Чарльз Коўкі, якія фінансуюць кансэрватыўныя і лібэртарыянскія ініцыятывы. «У Дэвіда Коўка 27 мільярадаў! — кажа Плэт. — Я думаю, 90% было б нармальна».

Па словах маладога дэманстранта, на гэтыя грошы ён пабудаваў бы ў ЗША «грамадзтва ўсеагульнага дабрабыту» зь бясплатнай мэдыцынай і вышэйшай адукацыяй. Аднак ня ўсе на манхэтанскай Плошчы схільныя да праектаў у духу росквіту лукашызму. У сквэр прыходзяць і людзі процілеглых поглядаў, што здаралася і ў часы вясновых пратэстаў 2006-га.


Адваротны бок Плошчы па-амэрыканску. Фота gazeta.ru

Аднак спрэчкі адбываюцца без рукапрыкладзтва, хоць сквэр і мільгае лёзунгамі ў духу прамоваў Сяргея Міхалка «Скончыць з свабоднарынкавым фундамэнталізмам!».

Сёньня захопнікі Ўол-стрыт сьвяткуюць месяц з таго дня, як яны ўпершыню зьявіліся ў сквэры Зукоцьці. Самі яны заяўляюць, што гатовыя працягваць мітынгаваць да пераможнага канца.

Аб гэтым на TV

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.