Сэрыйны маньяк Чыкаціла і яго ахвяры ў мастацкай галерэі

На сваё 2-годзьдзе Галерэя «Ў» напужала гасьцей «казкай» сэрыйнага мастака. Гэта першая пэрсанальная выстава мастака А.Р.Ч, сучаснага студэнта Акадэміі мастацтваў. Малады творца з маленькага мястэчка ўзяў псэўданім ад ініцыялаў Андрэя Раманавіча Чыкацілы, вядомага сэрыйнага маньяка. Выстава «Як у жахлівай казцы» сабрала карціны з вобразамі савецкіх маньякаў і іх ахвяраў.

«Да гэтага ён працаваў у моргу», — шушукаліся госьці ў натоўпе, азіраючыся і шукаючы вачыма аўтара жахлівай казкі, сюжэты якой запаланілі цнатлівыя белыя сьцены галерэі. Драматызму дадавалі пэрсанажы, што сноўдаліся ля карцін: мярцьвяк, пастарэўшая ашалелая школьніца зь сякерай, сарамлівы дзядзечка ў акулярах, які сам быў падобны да Чыкацілы. Аднак да мікрафону падыйшоў сьціплы малады чалавек у акулярах, белай кашулі і ціхім голасам прамовіў, каб лепей ягоныя працы казалі за яго.


Арт-дырэктарка галерэі Валянціна Кісялёва і сэрыйны мастак А.Р.Ч.

А.Р.Ч. пачаў маляваць, ня маючы прафэсійнай мастацкай адукацыі, а цяпер, скончыўшы Глебаўскую вучэльню, зьяўляецца студэнтам Акадэміі мастацтваў. Некаторыя творы на выставе падпісаныя першым псэўданімам «Асёл». Па працах, найперш па тэхніцы, чытаецца творчы рост мастака: ад параўнальна невялікіх па памерах графічных карцін у 2004-м да агромністых палотнаў алеем у 2011-м. Аднак тэма ва ўсёй выставе скразная — вобразы маньякаў, ахвяраў гвалту і забойстваў. У аснове экспазыцыі партрэт Чыкацілы, які пакаяўся.

Такой неадназначнай выставай Галерэя «Ў» у тым ліку адзначыла свае народзіны — 2 гады. Калі на першы свой дзень народзінаў галерэя аддалася на публічны суд імправізаваны, то на гэты раз атмасфэра судзілішча хутчэй была на сьценах і ў настрояй гледачоў. Госьці туліліся кампаніямі, нібыта баючыся падыйсьці да карцінаў бліжэй і зьвязаць убачанае ў адно, ды толькі перапытвалі адзін у аднаго пра ўражаньні.

Галерэя «Ў»: Мастака, які працуе пад псэўданімам А.Р.Ч., можна вызначыць як тыповага прадстаўніка арт брут («грубае мастацтва»), мастацтва аўтсайдараў, якое характарызуецца маргінальным стаўленьнем да прафэсійнай сыстэмы мастацтва, брутальнасьцю і інтуітыўным характарам творчасьці. Прадстаўнікі арт брут працуюць толькі для сябе і сваіх блізкіх, пакуль экспэрты не залічаць іх творчасьць да сыстэмы мастацтва. Творчасьць прадстаўнікоў арт брут часьцей за ўсё характарызуецца такімі рысамі, як эскапізм, сублімацыя і страх.

Выстава праходзіць у галерэі да 28 кастрычніка. Асобам да 18 гадоў уваход забаронены.

Здымкі з адкрыцьця выставы 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0727 seconds.