Галерэю «Ў» засудзілі

Маладая менская галерэя сучаснага мастацтва «Ў» выставіла сябе на грамадзкі суд прысяжных. Прысяжныя галерэю апраўдалі, але судзьдзя Шалкевіч усё роўна наклаў спагнаньне ў выглядзе штрафу, які галерэі прыйдзецца адпрацоўваць наступныя пяць гадоў. Абвінавачаньне абскарджваць рашэньне суда не зьбіраецца.

Галерэя «Ў» паўстала перад судом ва ўласным памяшканьні. Ад прыроды белыя сьцены галерэі ў гэты дзень, здавалася, яшчэ болей сьвяціліся дзякуючы віпам беларускай культуры. У прысяжныя былі запрошаныя вядомыя мастакі, пісьменьнікі, журналісты. А судзьдзёй стаў Віктар Шалкевіч, таксама вядомы як сьпявак і шоўмэн.


Нягледзячы на далікатнасьць абвінавачаньняў (галерэі закідалі, ні многа ні мала, адсутнасьць на яе плошчах сучаснага мастацтва і ў «занятках тым, што нікому не патрэбна») суд зрабілі адкрытым і нават дазволілі праводзіць фота і відэаздымкі. З такімі абвінавачаньнямі адной зь нешматлікіх пляцовак для сучаснага мастацтва ў Менску пагражала найвышэйшая мера, магчымая ў такіх выпадках: поўная ліквідацыя і забыцьцё.


У адпаведнасьці з усімі канонамі жанру лёс галерэі аддалі на водкуп 12 прысяжных, сярод іх аказаўся блогер Яўген Ліпковіч, журналістка Тацяна Заміроўская, пісьменьнік Ігар Бабкоў, фотамастак Уладзімер Парфянок і іншая «культурніцкая эліта Беларусі». У выніку грамадзкі суд, нягледзячы на ўсю сур’ёзнасьць судзьдзі Шалкевіча, што сядзеў на высокім крэсьле ў галаве залі галерэі, нагадваў нешта сярэдняе паміж акустычным рок-канцэртам, гумарыстычным шоў і паседжаньнем суполкі ананімных алькаголікаў.


На баку абвінавачаньня выступіў культуроляг Максім Жбанкоў і фотакрытык Дзьмітры Кароль. Адвакатамі галерэі сталі выкладчыца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Вольга Шпарага і Ільля Прохараў.

Любое мастацтва — гэта бізнэс

«Абвінавачаньне хоча выражацца менавіта злом, яно хоча абурацца, — ня надта ўпэўненым голасам прыводзіў аргумэнты абвінавачаньня ва ўводным слове спадар Кароль. — У якасьці доказу я хачу вам прад’явіць кнігі водгукаў. І водгукі ў іх вельмі палярызаваныя. Адзін полюс — гэта „клёва“. Другі полюс — гэта „ацтой“. Што гэта значыць? Ці ня значыць гэта тое, што сучаснае мастацтва — гэта тое, што анулюе нашы здольнасьці?» — запытваўся ўжо крыху адчуўшы смак справы фотамастак.

Па сьведчаньні аднаго са сьведак абвінавачаньня, Ігара Корзуна, галерэя зусім не займаецца бізнэсам, а варта было б: «Любое мастацтва, у прыватнасьці і сучаснае, — гэта бізнэс». У адказ на гэта абарона пытала пра перадумовы для стварэньня арт-бізнэсу у Беларусі, прыгадвала без малога два дзесяткі пасьпяховых выстаў у галерэі і чытала філязофскія лекцыі пра «Тут і цяпер».

Пасьля ня надта пасьпяховых спробаў высьветліць, што ўсё ж такі такое сучаснае мастацтва, бакі перайшлі да дэбатаў па сутнасьці справы: спайвае ці не гэтую самую культурную эліту краіны галерэя Ў?

Хмель не вада — чалавеку бяда

У суда ўзьнікла толькі адно пытаньне да бакоў: як жыхары раёну плошчы Перамогі адрэагавалі на закрыцьцё пункту прыёму шклатары і адкрыцьцё на яго месцы галерэі мастацтва? Адказу на пытаньне ў бакоў не знайшлося, затое Максім Жбанкоў прыгадаў улюблёны час любога прадстаўніка культурнага бамонду Менску: адкрыцьцё чарговай галерэйнай выставы.

«Як вы думаеце, калі ў галерэі адбываецца аншляг? У час прэзэнтацыі чарговай выставы! — Жбанкоў натхнёна вадзіў маркерам па аркушу паперы, вымалёўваючы схему галерэі з культавым у некаторых колах барам «Малако» і кнігарняй. Па словах Жбанкова атрымлівалася, што большасьць наведвальнікаў галерэі проста яе не наведваюць, бо занятыя бесьперапынным спажываньнем алькагольных напояў у бары і кнігарні.


«На жаль, геній месца пануе на гэтай тэрыторыі і вызначае яе сутнасьць. Галерэя займаецца тым жа самым, чым і раней займаўся пункт прыёму шклатары, толькі з тым адрозьненьнем, што людзі сыходзяць адсюль без тары, але загружаныя. Замест арт-працэса, галерэя займаецца трафікам шклатары», — здавалася, што Максім Жбанкоў цалкам увайшоў у ролю сапраўднага пракурора, яму не хапала толькі некалькіх залатых зорак на плячах.

«Мы патрабуем вышэйшай меры!»

— абвінаваўца Жбанкоў скончыў сваю прамову і ў залі варта было б павіснуць цішыні.

Здавалася, пасьля такіх грозных абвінавачаньняў абароне галерэі прыйдзецца прызнаць сваё паражэньне і неадкладна аддаць нястомнаму Жбанкову ключы ад галерэі з тым, каб ён вярнуў туды пункт прыёму шклотары. Але ў апошні момант у памяшканьні суда загучала All you need is love the Beatles, а на экране ўзьніклі фота цалуючыхся мастакоў-заўсёднікаў галерэі.

Сэрцы прысяжных, напэўна, памякчэлі і пачало здавацца, што каханьне і гэтым разам перамагло. Гэта пацьвердзілася пасьля падліку галасоў прысяжных: зь перавагай у 13 галасоў (цаглінаў) галерэя была апраўданая па ўсім пунктам.


Вэрдыкт аказаўся больш суровым, чым чакалася: галерэю сучаснага мастацтва «Ў» высокі суд прызнаў часткова вінаватай і пастанавіў на наступныя пяць гадоў направіць галерэю на папраўныя працы. Таксама галерэю пастановай суда абавязалі «прыймаць шклатару ў працоўных Першамайскага раёну».

Нягледзячы на працэсуальную спрэчнасьць пастановы суду, абвінавачаньне прысудам задаволенае:

«Улічваючы брудныя махінацыі абароны, мы лічым, што зрабілі ўсё, што маглі», — заявіў па сканчэньні працэсу Максім Жбанкоў. Па яго словах, апэляцыю абвінавачаньне падаваць не зьбіраецца.

Вялікі фотарэпартаж з Грамадзкага суда над Галерэяй «Ў» у нашым фотаблогу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1492 seconds.