Берасьцейскія панкі з «Дай Дарогу!» выпусьцілі кліп з інтымам у трохмернай графіцы

Культавы панк-рок гурт «Дай Дарогу!» прадставіў свой новы кліп на песьню «Температура». Кампазыцыя, якая была запісаная яшчэ ў 2003 годзе, цяпер суправаджаецца прасунутым відэашэрагам з трохмернай графікай ды інтымнымі сцэнамі.

Праца над кліпам пачалася яшчэ год таму. Мацёрых панк-рокераў натхніла летняе поле, усеянае кветкамі чырвоных макаў у сонечных прамянях. Зганялі за камэрай ды пачалі здымаць. Да таго ж на радзіму завітала берасьцейская мадэлька Паліна Цыолта, якая шмат гадоў працуе ў Токіо і Парыжы. Ёй і адвялі галоўную ролю ў відэа.

«Сюжэт кліпа распавядае пра вечныя тэмы каханьня і разьвітаньня. Аднак, хто знаёмы з творчасьцю ДД!, разумее, што ня ўсё так проста», — кажа рэжысэр відэа Ўладзімір Ківачук, які дакладна знаёмы з творчасьцю і вельмі блізка. Ён адначасова і прадусар гурта і дырэктар Jodov Studio — творчай каманды, якая і стварыла кліп.

Па-свойму гэты кліп можна аднесьці да DIY, бо відэа выканана выключна ўласнымі сіламі, аднак камандай выдатных спэцыялістаў у 3D графіцы. Таму ў спэцэфэктах недастачы няма. Як кажуць стваральнікі, можна зрабіць адменны прадукт пры мінімальных затратах і што варта толькі верыць ды вельмі моцна хацець дамагчыся максымальнага выніку.

У дыскаграфіі «Дай Дарогу!» 7 альбомаў, першы зь якіх выйшаў у 1999-м, а апошні на сёньня — «Боли нет» (2011). Усе альбомы дасяжныя для вольнага спампоўваньня на сайце гурта www.daidarogu.com. Гурт актыўна канцэртуе ў Беларусі і блізкім замежжы. Бліжэйшы канцэрт у Менску пройдзе 29 кастрычніка ў клюбе RE:PUBLIC. Глянуць, як праходзяць канцэрты ДД!, можна ў нашым фотарэпартажы зь мінулага менскага канцэрту гурта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0632 seconds.