Рэгіянальныя чыноўнікі незадаволеныя бясплатным праездам студэнтаў у Менску

Берасьцейскі губэрнатар Канстанцін Сумар выступіў з жорсткай крытыкай увядзеньня ў сталіцы бясплатнага праезду для студэнтаў. Па ягоных словах, падобным рашэньнем улады «ўбілі клін» між рэгіёнамі.

«Я лічу, што менскі гарвыканкам паступіў няправільна, усталяваўшы гэтыя льготы. Гэта рашэньне трэба было ўзгадніць з урадам. Калі ў цябе бюджэт дазваляе, добра, — заявіў Сумар у час сустрэчы з журналістамі, піша „Заря над Бугом“. — Але падаткі паступаюць у тым ліку ад шматлікіх філіялаў прадпрыемстваў, банкаў і г. д., якія знаходзяцца ў Брэсьце і іншых гарадах».

Кіраўнік Берасьцейскага аблвыканкама заклікаў менскага мэру Ладуцьку падзяліцца зь ім:

«Тады падзяліся. Я паставіў гэтае пытаньне перад Мясьніковічам. Адмяняць гэта рашэньне бязглузда і некарэктна. Але трэба знайсьці нейкі выхад. Навошта ж забіваць клін паміж рэгіёнамі, уносіць раздрай? Чым нашы студэнты горш?».

Між тым, ініцыятыва наданьня студэнтам права на бясплатны праезд належыць Лукашэнку. На гэтым фоне дзіўнымі гучаць заявы губэрнатара Брэстчыны, які нядаўна праславіўся прапановай паставіць у Берасьці помнік свайму шэфу за «праграму адраджэньня сяла».

А пакуль менскія ўлады не падзяліліся, Сумар падумвае над падвышэньнем платы за праезд у грамадзкім транспарце адразу для ўсіх на «1–2 тысячы рублёў». Між тым, уся даходная частка сёлетняга бюджэту Берасьцейскай вобласьці параўнальная з сумай, якую направіла менская мэрыя для кампэнсацыі бясплатнага праезду навучэнцаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0882 seconds.