Беларускія мазгі — адныя з буйнейшых у Эўропе

Мозг сярэдняга беларуса ў пачатку 20 стагодзьдзя важыў каля 1429 грамаў. Гэта рэкорд для нашых славянскіх суседзяў і значна болей за сярэдні памер чалавечага мозга. Зрэшты, зьвязана тое зусім не з выключнымі разумовымі здольнасьцямі чалавека.

Мазгі беларусаў аказаліся буйнейшымі, чым у палякаў, расейцаў і нават амэрыканцаў, піша «Комсомольская правда». Вывучэньні памераў галаўнога мозгу розных народаў рабілася, праўда, яшчэ ў пачатку 20 стагодзьдзя, але толькі цяпер навукоўцы здольныя патлумачыць адрозьненьні ў памерах.

«Справа тут у геаграфічнай ізаляцыі, — тлумачыць прафэсар, доктар біялягічных навук Сяргей Савельеў. — Яшчэ дзесяткі тысячаў гадоў таму людзі распаўсюдзіліся па розных раёнах зямнога шару, і мозг іх пачаў фармавацца ў залежнасьці ад складанасьці навакольнага асяродзьдзя».

«Пастаянны пошук розных варыянтаў выжываньня ва ўмовах зьменлівага клімату і разьвіў мозг эўрапэоідаў да пэўнага памеру. А шчасьліўчыкам, што засялілі цёплыя краі, не было неабходнасьці залішне напружваць уласны мозг, з-за чаго ён, мабыць, і прытармазіў з масай».


Фота Reuters/Elvira Veksler

Прафэсар тлумачыць такое разыходжаньне ў памеры мозга рознымі задачамі, якія стаялі ў продкаў таго ці іншага народу:

«Звычайнаму сучаснаму сыбарыту, якому ўжо ня трэба напружвацца ў пошуках разнастайных спосабаў здабычы ежы і адзеньня, вялікія мазгі дасталіся ў спадчыну ад продкаў як бясплатны дадатак. Ён можа дасягнуць посьпеху толькі ў тым выпадку, калі сам гэтага захоча і будзе актыўным. Аднак тут узьнікае парадокс — сярод людзей зь вялікімі мазгамі болей гультаёў», — заўважае прафэсар.

Між тым, папярэднія дасьледаваньні навукоўцаў сьцьвярджаюць, што вялікі мозг спрыяе балбатлівасьці яго ўладальніка, а праца ў сучасных офісах наадварот прымушае яго ўсыхаць. Дарэчы, многія навукоўцы мяркуюць, што памер мозга не ўплывае на нашы разумовыя здольнасьці.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0786 seconds.