У часе, калі Інтэрнэту не было

Можа нехта ўжо забыўся, але калісьці ў чалавека не было ня толькі Інтэрнэту і мабільнікаў, але і элемэнтарных запалак. Нават кола ў свой час спатрэбілася вынайсьці. Нагадаць пра гэткія змрочныя часы ўзяліся літоўскія археолягі, якія некалькі гадоў запар ладзяць арахаічны фэст у адным з найстарэйшых паселішчаў на тэрыторыі краіны. Што агульнага ў гандляра зброяй, крывіча і прэзыдэнта, высьвятляў наш чалавек на фэсьце.

Кернава ў 20 км. ад Вільні — маленькая вёсачка з маштабнай мінуўшчынай. Памеры летапіснай і па-за летапіснай гісторыі гэтага мястэчка можна толькі ўявіць: ад нямых (бо пісьменнасьці ў іх часы не было) жыхароў гэтых мясьцін засталося пяць створаных чалавекам узгоркаў. І неверагодная колькасьць археалягічных знаходак, празь якія можна разгадваць таямніцы старажытных кернаўцаў.

Нядаўна прадпрымальныя літоўцы вырашылі скарыстацца спадчынай сваіх і нашых продкаў, каб па прыкладзе знойдзеных у час раскопак рэчаў вырабляць ужо новую, але гэтак жа архаічную кераміку, тканіну, нават музычныя інструменты. А кернаўскі фэст Эксперыментальнай археалёгіі (ёсьць такі навуковы накірунак) стаў найлепшым месцам для продажы гэткіх тавараў.

У выніку тры дні запар у час вялікага ўікэнду, калі літоўцы сьвяткуюць каранацыю Міндоўга, натоўпы віленчукоў і турыстаў зь дзецьмі, старажытнымі сабакамі і адпаведнай вопратка накіроўваюцца на пагоркі Кернавы. Там яны прыглядаюцца да зброі часоў Вітаўта, стваральнік якой адразу ж дэманструе, як яе правільна выкарыстоўваць (апошняе асабліва зацікавіла літоўскага прэзыдэнта Далю Грыбаўскайце), скураных гаманцоў зь кішэнямі для шматлікіх крэдытных картак і талерак зь ліпавай кары, якімі насельнікі гэтых мясьцінаў карысталіся яшчэ ў рымскія часы.

Усё можна памацаць, памераць, а нешта нават і набыць (архаічныя красоўкі са скуры невядомай жывёлы ў лесе аказваюцца нашмат зручнейшымі за звычайную прадукцыю кітайскіх фабрык).

Большасьць удзельнікаў фэсту — гісторыкі альбо рамесьнікі. Але ёсьць і «прафэсійныя» жыхары неаліту. Як, напрыклад, француз Анры, што прывёз у Літву 5 гіганцкіх камянёў-музычных інструмэнтаў, на якіх вельмі пасьпяхова нават можна граць. Але галоўная спэцыялізацыя гэтага чалавек зь сівой барадой і дабрадушнымі гарыпотэраўскімі акалярамі — ювелірнае мастацтва першых насельнікаў Эўропы. Ён жа вялікі майстар у вырабленьні агню з паветру: з дапамогай крамяню ён нараджае агонь літаральна за дзесяць сэкундаў.

Анры, як і іншым удзельнікам фэсту, забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі, гэтак сама як і апранаць сучасную вопратку: усё аўтэнтычна, і, як любяць падкрэсьліваць у Літве, экалягічна. Ёсьць на фэсьце і беларусы: пад вялікай шыльдай «Крыўя» яны гандлююць усё тым жа дагістарычным экалягічным посудам, а таксама граюць на дудзе, паралельна распаўсюджваючы «балцкасубстратную» літаратуру.

Бізнэс ідзе, нешта атрымліваецца прадаць, а літоўцам паралельна патлумачыць, што значыць бел-чырвона-белая налепка над адной зь беларускіх «хацінаў». Толькі вось на адно пытаньне ад замежных калегаў у беларусаў адказу пакуль няма: калі ўжо гэткія ж фэсты і ў нашай краіне пачнем ладзіць?

Глядзіце болей здымкаў з кернаўскага фэсту жывой археалёгіі ў фотаблогу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0653 seconds.