ДАІ выступіла супраць Крытычнай масы ў Гародні

На гэтых выходных гарадзенскія роварысты плянавалі адзначыць 5-годзьдзе Крытычнай масы — грамадзкай акцыі, якая раз на месяц зьбірала людзей на роварах, каб разам заявіць аб сваіх правах удзельнікаў дарожнага руху. Аднак мясцовае ДАІ выступіла супраць папулярызацыі роварнага транспарту.

Веладарожка ў Менску

Як піша Твой стыль, ДАІ выставіла да ўдзельнікаў Крытычнай масы невыканальнае патрабаваньне: рухацца толькі па ходніках. Але рух, што атрымаецца ў выніку такога пераўвасабленьня, ужо ня будзе называцца крытычнай масай.

Мэту Крытычнай масы роварысты бачаць у сваім жаданьні зрабіць ровар паўнапраўным удзельнікам гарадзкога руху. А свой назоў акцыя ўзяла зь фільму Тэда Ўайта Return of the Scorcher, дзе тэрмін выкарыстоўваўся для апісаньня дарожнага руху ў Пэкіне. Там няма сьвятлафораў, і калі вялікія масы роварыстаў зьбіраюцца на скрыжаваньні, утвараючы крытычную масу, яны проста перакрываюць рух аўтамабілям і такім чынам праяжджаюць.

Паводле начальніка ДАІ, гарадзенскія арганізатары Крытычнай масы правакуюць вэлясыпэдыстаў на парушэньне правілаў дарожнага руху, бо звычайна вялікая маса роварыстаў, якую зьбірае крытычная маса, можа разьмесьціцца толькі на праезджай частцы.

На думку ДАІ, разьвіваючы вэлярух як гарадзкі транспарт, роварысты толькі павялічваюць колькасьць ДТЗ з удзелам ровараў. Аб росьце колькасьці такіх інцыдэнтаў сьведчыць статыстыка.

Таму вырашана, што ў пятніцу, 27 траўня, апошняя Крытычная маса адбудзецца па мінімальным маршруце. Пасьля гэтага Крытычнай масы ў Гародні ня будзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0573 seconds.