Amaroka прэзэнтуе новы альбом «Puls»

Менскі панк-гурт Amaroka прэзэнтаваў на сайце Ultra-Music свой новы альбом «Puls». 25 траўня адбудзецца канцэртная прэзэнтацыя ў клюбе «Салтайм».

Альбом «Puls» атрымаўся цалкам ў стылі пазытыўнага поп-панку, часам, лірычнага, але менавіта такога, які Amaroka грае апошнія 3 гады.

У яго ўвайшлі 5 песень («Puls», «Ja j ty», «Lepšy dzień», «Budź ščaślivaj», «Naš čas») і такі фармат абраны невыпадкова.

«Мы для сябе вырашылі што будзем карыстацца для выданьня пласцінак невялічкім фарматам (4–6 песень) — гэта зручней і больш, як мы лічым, правільна, — кажа лідэр гурта Зьміцер Афанасенка.

— Упэўнены, альбом усім слухачам абавязкова спадабаецца. Мы ставілі для сябе, як заўжды, галоўнай задачай падняць настрой, дадаць ў грамадзтва пазытыву і весялосьці, падштурхнуць людзей рухацца, танчыць, кахаць, змагацца за ўласную свабоду, а не сядзець каля „зомбі-яшчыкаў“.

У альбом увайшлі 3 песьні якія ўжо граліся на канцэртах у апошнія паўгады і 2 зусім новыя песьні». Запіс быў зроблены ў Ваўкавыску на студыі «Seventh Heaven Records», зьвядзеннем займаўся вядомы гукаапэратар Андрусь Шлык.

«Вынік атрымаўся супэрскім, менавіта такім, на які мы і спадзяваліся. Хацім параіць гэтую студыю ўсім нашым беларускім гуртам!, — дзеліцца ўражаннямі ад працы у Ваўкавыску Зьміцер. — На мастэрынг альбом аддалі нашаму сябру з Горадні Яну Каламыцкаму.

Над дызайнам дыску і вокладкі я працаваў сам, бо мне гэта ў кайф. Дзякуй Аніке Грыбцовай за фотасэт, яе фотаздымкі мы ўзялі для постэру і вокладкі».

Апроч інтэрнэт-прэзэнтацыі плянуецца і выданьне альбому на дысках лэйблам «Каўчэг».

Жывая прэзэнтацыя альбому адбудзецца 25 траўня ў клюбе «Салтайм» (даведкі па тэлефоне +375 29 5737272).

Спампаваць альбом «Puls» гурта AMAROKA можна на сайце Ultra-Music.

AMAROKA існуе з 2005 году, у цяперашнім складзе грае з восені 2010, калі прыйшлі новыя музыкі: лідар-гітарыст Аляксей Вінакураў і бубнач Ціхан Батура. За час існаваньня гурт запісаў 3 альбомы («Raketa», 2007; «Trably», 2009; «Puls», 2011) і 2 самотнікі.

15:11, 24/05/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1548 seconds.