Галяндка напісала кнігу пра беларускае пакаленьне Y у кантэксьце Чарнобылю

Франка Хуммэлс

У Нідэрляндах выйшла кніга Франкі Хумэлc «De Generatorgeneratie», што можна прыкладна перакласьці як «Пакаленьне рэактару». Кніжка пра нас з вамі: маладых беларусаў, якія нарадзіліся й сталі дарослым ў цені Чарнобылю. Мы зьвярнуліся да аўтаркі кнігі з пытаньнем, як гэта — быць замежнікам, што піша кнігу пра Беларусь.

32-гадовая Франка Хумэлс скончыла гістфак у Ратэрдаме, пасьпела папрацаваць журналісткай на Даўнінг Стрыт у Лёндане, але тамтэйшае жыцьцё ня надта ёй прыйшлося даспадобы, і Франка вырашыла вярнуцца на радзіму, каб паглыбіцца ў журналістыку і… Беларусь.

«Многія людзі ў Нідэрляндах ўвогуле не ўяўляюць, дзе Беларусь знаходзіцца. Для многіх гэта нешта накшталт Расеі. На жаль», — кажа Франка, якая стала цяпер нечым накшталт экспэрта для галяндзкіх мэдыя ў беларускім пытаньні, а заадно і ў сфэры ядзернай энэргетыкі.

Чаму Беларусь стала тэмай кнігі, і як Франка пачынала свой шлях, можна пачытаць у папярэднім інтэрвію зь ёй, што было ўзятае два гады таму ў Менску ў самым пачатку падрыхтоўкі кнігі.

За гэты час спадарыня Хумэлс аб’езьдзіла ўсе важныя месцы ў краіне, у першую чаргу, зьвязаныя з Чарнобылем, пабывала ў чарнобыльскіх землях на Радуніцу — адзіны час, калі туды можна легальна трапіць без асаблівых перашкодаў. Была, вядома, і ва Ўкраіне, але галоўнай тэмай 271-старонкавага выданьня стала пакаленьне маладых беларусаў, што нараджаліся, вучыліся і кахаліся ўжо пасьля Чарнобылю. Пра гэта распавядаюць у кнізе яе героі. То бок пра нас з вамі.

«Ня толькі радыёактыўныя дажджы і кінутыя вёскі»


Вокладка кнігі «Пакаленьне рэактару»

«Гэта кніга ў першую чаргу аб чалавечых лёсах. Але няма адной гісторыі пра Чарнобыль. Можна распавесьці шмат-шмат сюжэтаў пра тое, як людзі жылі пасьля гэтай катастрофы», — кажа Франка. Аўтарка вырашыла падрабязна раскрыць тры найбольш цікавыя жыцьцёвыя гісторыі прадстаўнікоў беларускага пакаленьня Y.

Так, лунінецкія настаўніцы з забруджаных пасьля катастрофы рэгіёнаў, у клясах якіх няма цяпер здаровых дзяцей, на старонках «Пакаленьня рэактару» зьмяняюць дзяцей ліквідатараў катастрофы, бацькі якіх бягуць ад Чарнобыля і трапляюць у яшчэ больш забруджаныя раёны.

«Адной з найбольш цікавых для мяне сюжэтаў стаў расповед Сяржука Бахуна, які сам знайшоў мяне празь Інтэрнэт і распавёў сваю гісторыю ўцёкаў з забруджаных тэрыторый. У яго лёсе сплялася мазаіка беларускай рэчаіснасьці, не заўжды вясёлая, але такая, якая ёсьць».

«Я размаўляла з мноствам маладых беларусаў. Некаторыя аптымістычна глядзяць на сваю будучыню: яны хочуць будаваць уласнай жыцьцё сваімі рукамі. Некага турбуе будаўніцтва Астравецкай АЭС, нехта хоча зьехаць, але няма нейкага агульнага настрою ці погляду на сытуацыю — усе розныя».

«Многія людзі захацелі паехаць у Беларусь пасьля таго, як прачыталі гэтую кнігу. Па іх словах, людзі выглядаюць вельмі добрымі, а прырода — цікавай. Я не хацела маляваць толькі дрэнныя малюнкі, таксама жадала паказаць, што насамрэч Беларусь — гэта ня толькі радыёактыўныя дажджы і кінутыя вёскі».

«Амбасадарка паабяцала мне бясплатную візу ў Беларусь»

«Для некаторых гэта кніга стала нечым зусім новым. Нехта ж пра Беларусь мала што ведаў, акрамя таго, што ёсьць такая дыктатура», — кажа аўтарка кнігі.

Зрэшты, аб рэакцыі на кнігу ні афіцыйных беларускіх колаў, ні нават беларускай амбасады ў Нідэрляндах пакуль невядома.

Як звычайны замежнік, што цікавіцца Беларусьсю, Франка марыць наведаць нашу краіну яшчэ раз: «Цяпер гэта краіна мне падабаецца яшчэ болей, а палітычная сыстэма — яшчэ меней». І цяпер, як і над любым замежнікам, над ёй вісіць дамоклаў меч адмовы ў беларускай візе: многія эўрапейскія журналісты ўжо атрымлівалі адпаведны штамп ў пашпарце. Таму Франка як заўжды асьцярожнічае: «Я толькі журналіст, і не хачу даваць палітычных ацэнак».

Тыя ж самыя словы я чуў ад яе роўна два гады таму, калі Франка Хумэлс упершыню прыехала ў Беларусь дзеля збору інфармацыі для кнігі. Франка цудоўна разумее, што ў любы момант яе пэрсона можа стаць «непажаданай» для беларускіх уладаў. Але, здаецца, пакуль усё атрымліваецца: нядаўна на канфэрэнцыі, прысьвечанай Беларусі, беларуская амбасадарка нават паабяцала ёй паспрыяць у атрыманьні бясплатнай беларускай візы.

«Ня надта веру ў тое, што спадарыня амбасадар можа паўплываць на кошт візы, але хочацца верыць», — сьмяецца Франка.

«А што далей?» — пытаю я.

«Думаю над новым вялікім праектам. І пра Беларусь пісаць хачу. Але ўжо пасьля зьмены рэжыму», — усьміхаецца Франка.

Сапраўды, мінулую Беларусь яна ўжо апісала.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1878 seconds.