Вясна ў літоўскай пушчы

Калі паглядзець на Лабанораскую пушчу на мапе, то акрамя зялёнага і блакітнага колераў — «мішкас» і «ежеріс» — тут амаль нічога не пабачыш. На дзесяткі кілямэтраў цягнуцца лясы, а пасярод іх нечакана паўстаюць блакітныя «дзіркі» — азёры, а бывае, і балоты. Гэтага дастаткова, каб, паглыбіўшыся ў пушчу на некалькі дзён, атрымаць порцыю сьвежага паветра і свабоды ад паўсюдных сродкаў камунікацый. Балазе, мабільная сувязь тут працуе вельмі цяжка.

Самая дзікая частка Лабанораскага нацыянальнага парку, што раскінуўся на тэрыторыі большай за Менск у два разы у 25 км. ад мяжы зь Беларусьсю на ўсходзе Літвы — балоты. Падыходзіць блізка да іх часьцяком забаронена. Лес тут вельмі стары, завалены і амаль непраходны — тое найлепшае месца для рэдкіх птушак, якім якраз патрэбныя найбольш сталыя дрэвы. Як сівому дзятлу, напрыклад, якога тут, у адрозьненьні ад прылеглых да гарадоў лясоў і паркаў, пабачыць і пачуць няцяжка. Альбо лісу, аленя ці казулю.

Акрамя гэткіх вядомых жывёлаў у балотах Лабанорасу жыве нешта не зусім звычайнае. Мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што ў самай непраходнай багне жывуць чэрці, якія зрэдку выбіраюцца на пралескі, каб заключыць кантракты з паляўнічымі. «Як сустрэнеш чалавека з капытамі, значыць тое — чорт. Калі хочаш мець добрую здабычу на паляваньні, прыйдзецца прадаць яму душу», — кажуць жыхары лабанораскага краю.

Зрэшты, цуды здараюцца тут і без удзелу чорта (хаця, хто яго ведае). Так, у нядаўна згарэлым касьцёле ў аднайменнай вёсцы Лабанорас пад абпаленымі дошкамі знайшлі клад у тысячу старажытных манэт. Кажуць, ксёндз як даведаўся пра падзею, толькі і здолеў вымавіць слова «цуд».

Лабанораская пушча — гэта амаль Белавеская пушча па-літоўску. Толькі ў памерах меншая, і без зуброў. А яшчэ шмат дзе ў Лабанорасе пачынаюць сячы лес: Літве патрэбныя грошы. Болей за дзікую прыроду. Але мясцовы лясьнік, што жыве ў велічэзным доме ля трохсотгадовай ліпы, мае іншае меркаваньне. Аднак зрабіць нічога ня можа: прыходзіцца «запісваць» у дрэвы нават пні, што засталіся на выкарчаваных кавалках лесу.

Але большая частка пушчы захавалася, у тым ліку дзякуючы таму, што тут так шмат балот і мала людзей. Мабыць з-за гэтага, а можа з-за вырубак, багны становіцца яшчэ болей. І толькі на блакітных азёрах зрэдку зьяўляюцца гарадзкія жыхары, што бягуць з мэгаполісу ў пошуку цішы і вясны. Яны падоўгу сядзяць на беразе аднаго з сотні мясцовых азёр, гледзячы на захад сонца, гатуюць грэчку з сырам на вогнішчы, запіваюць яе глінтвэйнам і ідуць спаць, можа быць нават без намёту наўпрост пад месяцам: на прыродзе сон лепшы за гарадзкі.

Хадзіць па гэткім дагістарычным лесе — значыць тануць у шматгадовым моху бязьлюднай цішы стогадовых дрэваў і верыць у духаў, што жывуць за кожным зь іх.

Як даехаць?


View Labanoras in a larger map
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2127 seconds.