The Tiger Lillies бяз грыму

У нядзелю 10 красавіка ў Менску выступала сусьветнавядомае эпатажнае трыо зь Вялікабрытаніі The Tiger Lillies. Перад выступам, пакуль наносіўся грым, музыканты паразмаўлялі з Generation.by. Пра тое, як гэта сьпяваць, калі ў цябе кідаюць бацінкамі, што агульнага паміж Менскам і Лёнданам і з чаго ўсё пачыналася болей за 20 год таму.

The Tiger Lillies

Пасьля выдатнай мэдыякампаніі беларускіх прамоўтэраў, канцэрт The Tiger Lillies сабраў чакана шмат людзей. У тым ліку там можна было заўважыць ці ня ўсіх прадстаўнікоў беларускай  музычнай тусоўкі розных пакаленьняў, хто ў той уікэнд заставаўся ў Менску. Як і кожнае выступленьне гурта, гэтае стала гучным шоў з заліхвацкімі песьнямі, продажам маёмасьці он-стэйдж і аўтограф-сэсіяй напрыканцы.

А пакуль аўдыторыя зьбіралася, тры ветлівыя джэнтэльмэны, дзяліліся са мной ўражаньнямі і развагамі. Папярэдняе хваляваньне перад сустрэчай з сусьветнымі зоркамі зьнесла штармавым ветрам, як толькі я апынулася ў крэсьле насупраць скандальнага трыо.

The Tiger Lillies

Марці Жак — саліст, Эдрыян Саўт — кантрабас, Эдрыян Бірн — бубны.

Гукі Менску

Вы выкарыстоўваеце шмат нечаканых гукаў у сваёй музыцы (піла, дзіцячая цацка-пішчалка і г.д). А якімі гукамі вам запомніцца Менск?

Бірн: Уууу… якімі….

Саўт: Гэта будзе гук вельмі моцнага ветру… такога штармавога ветру. Усё зьмятае на сваім шляху. Такі: шшшшшшш! Неверагодны. Ён здзьмуў маю шляпу і зьнёс яе няведама куды.(сьмяецца) Але гэта не было сьмешна.

Бірн: Мы толькі прыехалі сёньня ўвечары. Тры гадзіны таму…

The Tiger Lillies

Брытанска-беларуская спадчына

Нашу размову пра Менск і «дзе б яшчэ выступіць: у псыхлячэбніцы ці ў астрозе» нечакана перапыніла вельмі надзвычайная жанчына (як потым яна сама распавяла пра сябе – Ірына Іванаўна, маці бубнача «Серебряной Свадьбы» Арцёма Залескага).

Ірына: У мяне тут такая справа, Вы не маглі б распавесьці ім (гурту), што мая бабуля жыла ў Англіі 17 год, і вось колькі гэта зараз можа каштаваць? (яна працягнула ланцужок з манэт)

Бірн: Нават ня ведаю… Гэта старыя манэты?

Саўт: Ну, гэта ўжо антыкварыят, але я не спэцыяліст… (Гурт парадзіўся з паўхвіліны)

Жак: Гэта дакладна можа зараз каштаваць зашмат. Сапраўды.

Жанчына зьнікла гэтак жа раптоўна, як і зьявілася.

Бірн: Я ня веру вачам, сапраўды антыкварыятная рэч! Можна скалаціць цэлую маёмасьць. Сотні фунтаў.

The Tiger Lillies

Сквоты і амфітэатры

А дзе вам больш за ўсё спадабалася?

(амаль хорам): У Грэцыі ў амфітэатры. Там сапраўды добра было выступаць.

Саўт: Ведаеце, мы шмат дзе выступалі, ва ўсялякіх клюбах, пабах. Яшчэ ў Германіі вельмі спадабалася, у Франкфурце. Там быў такі вінны паб. Ён здаваўся вельмі маленькім, хоць і я ня быў такім.

Жак: Ты яшчэ там параніўся.

Бірн: Ааа! Гэтае месца! Памятаю. Так, было сапраўды здорава. Ведаеце, гэта было месца ў нейкім мястэчку. Маленькае такое, уваход толькі па запрашэньнях. Чатырнаццаць прыкладна чалавек. Яны спачатку шмат размаўлялі па-нямецку, а потым усё пераклалі на ангельскую мову для нас. Вельмі прыемна.

Саўт: Мы яшчэ выступалі ў сквоце ў Чэхіі. Цікава было.

The Tiger Lillies

Пра пачатак

Жак: Калі ствараліся, хацелі зрабіць што-небудзь экстравагантнае, незвычайнае. Мы лічылі, што станем адразу знакамітымі, але памыляліся.

Бірн: Я баяўся рэакцыі публікі за межамі Вялікабрытаніі. Мы думалі, што нас ня ўспрымуць, бо, напэўна, не размаўляюць па-ангельску. Але людзі адчулі музыку і самі стваралі пэўную атмасфэру. Мы пачалі вандраваць па месцах, у якіх ангельская наагул невядомая. Потым сталі выкарыстоўваць разнастайную бутафорыю, сьпяваць пра сэкс і паразытаў, і ўсё атрымлівалася. Людзям падабалася, і мы не былі мэйнстрымам, як і зараз.

Першым месцам нашага канцэрту стаў лёнданскі клюб аднаго нашага сябра. Гэта былі яго сябры-будысты. Нічога не магу сказаць, акрамя таго, што яны імі былі. Потым мы выступалі ў пабах, дзе людзі прыходзілі толькі для таго, каб выпіць сваё пасьля адзінаццаці.

Саўт: Наагул, нам падабаецца Грэцыя, Расея, Чэхія. Нас там заўсёды добра прымаюць. Яшчэ хацелася б паехаць зноўку ў Мэксыку. Там было добра. У Аўстрыі, напэўна, у людзей ёсьць пачуцьцё чорнага гумару.

Жак: Заўсёды чорны гумар і акардэон робяць сваю справу. Нас прымаюць.

Ботам па твары

Саўт: У Гішпаніі было цяжкавата. У Італіі.

Бірн: Я ня ведаю чаму, можа, гэта пытаньне бізнэсу, ці яшчэ чаго, не разумею… Напэўна, людзі чакалі дакладнай камэдыі і ня бачылі яе. Я памятаю, некалі даўно мы гралі на фэстывалі, і людзі наагул пачалі кідаць у нас розныя рэчы.

Саўт: Напэўна, яны былі п’яныя…

Бірн: Гэта было наагул не зусім прыдатнае месца для канцэрту.

Жак: Нам наагул тады здалося, што людзі прыйшлі толькі, каб пакідаць рэчы ў музыкантаў. Гэта была дрэнная ідэя, сапраўды. Я нават ня ведаў, што такое існуе. Гэта выглядала, як спорт. Дурасьць. Хаця, калі атрымліваеш па твары чымсьці, запушчаным у цябе з натоўпу, разумееш: “Трэба ісьці дадому”. Але ўсё адно глупства.

Пра забароненыя канцэрты

Саўт: Мы шмат разоў атрымлівалі штурхялёў у Пэкіне. Там ніколі не пацэліш, што будзе.

Бірн: Зьбіраліся там граць Pour Again пасьля некаторых, вы разумееце, перамен. Хтосьці нам казаў: “Людзі б не прыйшлі сюды пяць год таму”.

Саўт: Ніколі не зразумею іх сыстэму, сапраўды.

Бірн: Ды што Кітай, у Іране не атрымліваецца выступіць. У нас больш шансаў у Кітаі, чым у Іране.

Саўт: Але ў нас ёсьць фанаты ў Іране. Нам шмат пішуць, нас запрашаюць выступіць, але наўрад ці мы атрымаем там дазвол.

Калі зьдзіўляе публіка

Жак: Аднойчы ўся аўдыторыя пачала брахаць, як сабакі. Вельмі зьдзівілі.

Саўт: У Амэрыцы, падаецца ў Сад-Дыега, людзі прыйшлі апранутыя ў клоўнаў, аднак вялі сябе вельмі агрэсіўна. Яны пачалі тупаць, скакаць, напужалі і нас, і публіку.

Бірн: А ў Парыжы трое хлопцаў, яны былі падобныя да мяне ў грыме, апрануліся ў сьмешнае адзеньне, пачалі раздаваць аўтографы за мяне на дысках. Людзі паверылі. Я хадзіў вакол і казаў: “Ён не сапраўдны!”, але людзі ня слухалі.

А ў Нью-Ёрку нехта пІсаў з балькону падчас канцэрту. Сюрпрызы на то і сюрпрызы, што заўсёды новыя і няведама ад каго.

Пра ідэальных фрыкаў і людзей вакол

Жак: Вось гэты хлопец (побач праходзіў лысаваты хлопец, ён суправаджае гурт). Ведаеце, ён рабіў нешта такое (паказвае)… часаў грудзі, чамусьці, калі замаўляў ежу. Ня ведаю, навошта.

Саўт: Гэта ў яго адбываецца, як ў немаўляткі, якое смокча палец.

«Ніколі ня станем мэйнстрымам»

Жак: Мы будзем, канешне, разьвівацца. Ніколі ня станем мэйнстрымам.

Бірн: Будзем працаваць над новымі праектамі, безь людзей, на падставе новых гукаў, магчымасьцяў, інструмэнтаў.

Саўт: Увесь кайф у тым, што мы можам часова далучацца да розных тэатраў, зрабіць праект, а потым зноў прыйсьці ў гурт. Мы так і робім, мы супрацоўнічаем з рознымі тэатрамі, цыркамі. Мы самі можам быць месяц тэатрам, месяц цыркам, а потым ізноў займацца музыкай, гэта добры стымул для нас. Мы знайшлі сябе ў музыцы, таму гэта абавязкова шоў з касьцюмамі, музыкай, трэба толькі знайсьці партнэраў.

Бірн: Мне здаецца, музыка болей тэатральная, чым наадварот. Наша музыка сама дыктуе такую абстаноўку. Мы супрацоўнічаем зь людзьмі, якія разумеюць нас толькі з-за нашых тэатральных напрамкаў, бо яны не разумеюць ангельскай. І нам падабаецца ўся гэтая бутафорыя, нам падабаецца апранацца тэатральна.

Пра праекты мары і партнэраў

Жак: Я ня мару аб праектах, я раблю іх (сьмяецца). Мне на мэйл амаль кожны дзень прыходзіць паведамленьне кшталту: «Я паэт, хацеў бы, каб вы зрабілі песьню на мае словы», і тэкст. Адказаць нават няма чаго. Але мы сапраўды зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, і, калі хтосьці сур’ёзна захоча рабіць з намі нешта, то міласьці просім. Сапраўды.

Бірн: Калі хтосьці знакаміты захоча з намі рабіць праект, добра. Пытаньне, каб захацеў. А так сьпісу жаданьняў у нас няма.

Жак: Насамрэч нам заўсёды хтосьці патрэбен яшчэ, але мы працуем з разнастайнымі калектывамі і гэтага дастаткова.

Бірн: Мы не жадаем губляць аўтэнтычнасьць гурта. Нас толькі трое.

Выстава «Беларусы і іх культура»

Бірн: Мы былі [пакуль] толькі ў нейкім рэстаране на праспэкце і ўсё. На жаль.

Саўт: Думаю, зараз мы і пабачым Менск. Гэта як выстава: «Беларусы і іх культура». Частка тура.

The Tiger Lillies

На гэтым мы разьвіталіся, і я выйшла з грымёркі, поўная адчуваньня нейкай прыналежнасьці да ўсяго, што адбудзецца ў гэты вечар. А вечар, сапраўды, не падмануў ні мяне, ні, я упэўнена, аўдыторыю, якая з захапленьнем чакала зьяўленьня на сцэне сусьветна-вядомага кабарэ-гурта The Tiger Lillies.

Глядзіце таксама: Фотарэпартаж з канцэрту The Tiger Lillies у Менску

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0716 seconds.