Латушка выйшаў на трапу вайны з фанаграмай

Міністэрства культуры распаўсюдзіла рэкамэндацыі беларускім канцэртным арганізацыям «абмежаваць выкарыстаньне фанаграм». Разам з гэтым міністэрства абяцае заахвочваць практыку выкарыстаньня «жывога» гуку. Ініцыятыва ведамства супадае з настроем міністра культуры Паўла Латушкі, які яшчэ ўлетку абяцаў «змагацца з фанаграмай гарачым жалезам».

Міністэрства культуры накіравала рэкамэндацыі ва ўсе ўпраўленьні культуры аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму, а таксама ў падпарадкаваныя рэспубліканскія канцэртныя арганізацыі абмежаваць выкарыстаньне фанаграм і пашыраць практыку выкананьня «жывога» гуку ў канцэртных мерапрыемствах. Аб гэтым паведамляе афіцыйны сайт міністэрства.

Паводле Мінкульту, беларускія выканаўцы ўсё часьцей выкарыстоўваюць фанаграму, што «прыводзіць да парушэньня правоў гледачоў і паніжэньня прафэсійнага ўзроўню выканаўцаў».

Занепакоенае ўзроўнем музыкаў Міністэрства культуры паабяцала праводзіць мерапрыемствы, «накіраваныя на стымуляваньне і разьвіцьцё выканальніцкага майстэрства „жывым“ гукам».

Раней міністар культуры Павал Латушка ўжо абяцаў разабрацца з «фанэрай»:

«Я буду змагацца з фанаграмай гарачым жалезам, буду яе выжываць, нашы музыкі павінны прывучацца сьпяваць жыўцом», — так казаў Латушка ў ліпені мінулага году. Паводле яго, прыкладна 60–70% твораў выконваюцца беларускімі артыстамі менавіта пад плюсавую фанаграму.

Як паведамляла БелТА, ідэю Латушкі пазбавіцца ад фанаграмы тады падтрымалі «заслужаныя і народныя артысты Беларусі»: Ірына Дарафеева, Міхаіл Фінбэрг, Анатоль Ярмоленка і іншыя.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0637 seconds.