Новы альбом «Ляпісаў» «Вясёлыя карцінкі» ўжо ў Інтэрнэце

Новы альбом «Вясёлыя карцінкі», у які ўвайшлі 12 песень, уключаючы ўжо вядомыя кампазыцыі «Афрыка», «Грай», «Я веру», гурт выклаў для бясплатнай запампоўкі (68Mb).

«Гэта не адмяняе выпуск альбома на кампакт-дыску — ён будзе вельмі прыгожым, з вокладкай у стылі „савецкага 3D“, і многія, я ўпэўнены, з задавальненьнем яго набудуць для калекцыі», — лічыць прадусар «Ляпісаў» Яўген Калмыкоў.

CD-вэрсію «Вясёлых карцінак» у Беларусі выпусьціць кампанія West Records. Набыць дыскі можна будзе з 15 сакавіка ў крамах «Містэрыя Гуку». Акрамя гэтага аддзячыць гурт можна зарэгістраваўшыся на сайце www.thankyou.ru (код рэгістрацыі — trubetskoy) і пералічыўшы любую пажаданую суму праз інтэрнэт-плацяжы.

Што ж тычыцца самога альбома, то, па словах лідэра гурта Сяргея Міхалка, ён карэнным чынам адрозьніваецца ад трылёгіі «Капітал» / «Маніфэст» / «Культпросвет».

«Тры папярэдніх пласьцінкі былі бранябойнымі па музыцы і просталінейнымі па сэнсе, — тлумачыць Міхалок. — Для нас было важна расказаць пра свой сьветапогляд, таму мы выкарысталі мінімальныя выразныя сродкі, каб яны ніякім чынам не падхарошвалі і не скажалі тое, што мы хацелі данесьці да публікі. А ў „Вясёлых карцінках“ на першы плян выходзяць не ідэі, а эмоцыі, таму, працуючы над гэтым альбомам, мы вырашылі адмовіцца ад усіх догмаў і разбурыць свае ўласныя стэрэатыпы пра гучаньне гурта „Ляпіс Трубяцкой“».

У запісе «Вясёлых карцінак» удзельнічала мноства запрошаных музыкаў, актыўна выкарыстоўваліся народныя і электронныя прылады. Але пры ўсёй экспэрымэнтальнасьці аранжыровак, песьні, якія ўвайшлі ў новы альбом, атрымаліся значна больш камэрнымі і лірычнымі, чым усё тое, што «Ляпісы» выпускалі на працягу апошніх 4 гадоў.

Канцэртная прэзэнтацыя новай праграмы ў Менску адбудзецца 1 і 2 красавіка ў клюбе «Рэактар». Тым часам большасьць квіткоў на канцэрты з праграмай «Вясёлыя карцінкі» ў Менску ўжо прададзена. Паступіла ў продаж апошняя партыя па 70 тыс. руб. Набыць іх можна ТОЛЬКІ ў бары «Малако» (арт. м. «пл. Победы», пр. Незалежнасці 37а). Тэлефон для даведак: (029) 653 82 81. Расклад і інфармацыя аб іншых канцэртах тура на сайце www.lyapis.com.

12:30, 10/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0774 seconds.