Вакаліст IQ48 зламаў пятку

Саша Ракавец цяпер у гіпсе і на рарытэтных мыліцах. Так музыка правядзе два месяцы, у час якіх заплянаваныя выступы гурта ў Беларусі і Польшчы, а таксама запіс трэцяга альбому IQ48. Няўдалае «прызямленьне» здарылася з Ракаўцом на лецішчы ў сябра па музычным цэху.

«Гляджу сэрыялы, чытаю кнігі», — распавядае Саша пра вымушанае баўленьне часу. Да гіпсу і абмежаваных рухаў музыкант прызвычайваецца ўжо трэці дзень, а заадно думае пра якую-небудзь працу «на даму».

У суботу музыкі выступілі ў «Графіці», у нядзелю Ракавец зь сябрамі паехаў у госьці на лецішча, а на раніцу панядзелка ўсё і здарылася.

«Пераскокваў засьнежаную рачушку, прызямліўся і… усё зразумеў», — узгадвае той дзень музыкант.

Адтуль сябры павезьлі траўмаванага Сашу ў Менск у шпіталь. Уражаньняў ад чэргаў і настрояў у траўматалёгіі можа хапіць на цэлы вострасацыяльны альбом. Аднак хіба пазьней. Трэці альбом IQ48 акурат напісаны, і музыкі прыступаюць на запісу на студыі. «Будзем па чарзе вазіць Санька на запіс», — падтрымлівае калегу гітарыст Яўген Бузоўскі. Цяпер Ракавец болей хвалюецца за канцэрты, на якіх прызвычаіўся да актыўных рухаў. Зараз музыкі рыхтуюцца да выступу на трыб’юце Neuro Dubel у Менску і канцэрту ў Варшаве.

«Падбяру якое барнае крэсла», — разважае Саня, як сумясьціць гіпс і сцэну.

Мыліцы ў Ракаўца, дарэчы, рарытэтныя. Перайшлі «ў спадчыну» ад музыканта Сяргея Скрыпнічэнкі, які адхадзіў са зламанай нагой не адзін месяц. Будзем спадзявацца, надалей гэтыя мыліцы ня будуць працягваць сваю «музычную кар’еру».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.