Якіх спэцыялістаў цяпер не хапае ў Беларусі?

Якую адукацыю цяпер варта атрымліваць, каб гарантавана знайсьці добрую працу?


Рэкляма ў кіеўскім мэтро

Не хапае 80 тысячаў праграмістаў

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сярэдні заробак у беларускай сфэры IT саступае толькі зарплатам нафтавікоў ды шахцёраў. І супрацоўнікаў у гэтай галіне катастрафічна не хапае. У лістападзе 2010 году ў Парку высокіх тэхналёгій 2 з 5 вакансій заставаліся вольнымі, хаця зарплата ў гэтым сэктары ў тры разы вышэйшая за сярэднюю па краіне.

Па словах намесьніка дырэктара ПВТ Аляксандра Марцінкевіча, цяпер у Беларусі каля 20 тысячаў чалавек працуе ў IT-галіне (па іншых дадзеных 25 тысячаў). Гэта каля 0.5% працаздольнага насельніцтва. У той жа час, на думку намесьніка дырэктара ПВТ, у беларускіх кампаніях, якія займаюцца высокімі тэхналёгіямі, маглі б працаваць каля 100 000 чалавек.

Адзіная праблема — недахоп студэнтаў на адпаведных спэцыяльнасьцях ВНУ. Не стае ні месцаў, ні выкладчыкаў.

Па словах адміністратара камітэту па накірунку ўдасканаленьня сыстэмы адукацыі асацыяцыі «Інфапарк» Тацяны Гутнік, цяпер у тэхнічных ВНУ плянуюць павялічыць колькасьць профільных дысцыплін. Але пакуль іх няма каму выкладаць: вядучыя прадпрыемствы гатовыя падрыхтаваць выкладчыкаў, але пакуль адпаведны праект яшчэ не распачаўся. У ВНУ свае праблемы: каб зьмяніць сьпіс дысцыплін на той ці іншай спэцыяльнасьці, патрэбныя гады.

Кваліфікаваных банкіраў як і раней мала

Па словах кіраўніка праўляньня БПС-банку Васіля Мацюшэўскага, нягледзячы на вялікія аб’ёмы падрыхтоўкі эканамістаў у Беларусі, спэцыялістаў у гэтым сэктары па-ранейшаму не стае. Патрэбныя людзі, якія разьбіраюцца ў інвэстыцыйным бізнэсе, IT-бізнэсе, як карпаратыўнам, так і розьнічным.

Як піша БелаПАН, банкі лічаць, што шукаць эканамічныя кадры патрэбна яшчэ на студэнцкай лаваю. Таму некаторыя банкі ўжо распачынаюць сумесныя праграмы падрыхтоўкі спэцыялістаў, пачынаючы з трэцяга курсу, «калі ў студэнтаў ёсьць базавыя веды». Адна такая праграма хутка пачне дзейнічаць у БДУ.

Яшчэ адна праблема банкаўскага сэктару, як і іншых галінаў, — нізкі ўзровень валоданьня замежнымі мовамі.

Якую прафэсію трэба мець, каб іміграваць у Вялікабрытанію?

Многія краіны ЭЗ на хвалі крызысу, беспрацоўя і «краху мультыкультурызму» задумваюцца над зачыненьнем працоўнага рынку для выхадцаў зь іншых краін. Напрыклад, Вялікабрытанія з году у год будзе скарачаць колькасьць дазволаў на працу для іншаземцаў.

Выключэньне складуць спэцыялісты, якія займаюцца біяхіміяй, фізыкай, хіміяй, геалёгіяй, праблемамі навуковых дасьледаваньняў і разьвіцьця. Таксама без праблем зможа пераехаць у Вялікабрытанію супрацоўнік, якому прапануюць зарплату болей за 240 тысячаў год.

Самы просты тэст для парталу, на якім разьмяшчаюцца абвесткі аб пошуку працаўнікоў, паказвае, што вакансій у сфэры IT у два разы болей, чым у банкаўскай, маркетынгавай ці бухгальтарскай галінах. Менавіта спэцыялісты ў гэтых галінах болей за ўсё патрабуюцца на беларускім рынку працы.

У той час міністар адукацыі Сяргей Маскевіч кажа аб плянах зрабіць акцэнт на падрыхтоўку спэцыялістаў для аграрнага сэктару, машынабудаваньня, будаўнічай, а таксама інфармацыйнай галіны. Хаця ў мінулым годзе большасьць прынятых студэнтаў паступілі на спэцыяльнасьці, зьвязаныя з правам, камунікацыямі, эканомікай ці кіраваньнем.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0897 seconds.