«Прэс-фота Беларусі» шукае валанцёраў

У 2010 годзе адбыўся конкурс сярод прафэсійных фатографаў Беларусі, якія супрацоўнічаюць са СМІ. Нягледзячы на тое, што ў такім фармаце конкурс адбыўся упершыню, у ім узялі ўдзел 96 фатографаў, якія даслалі больш за 1200 здымкаў. Выніковая выстава была двойчы прадстаўлена ў Менску, а таксама пабывала ў іншых гарадах Беларусі. Акрамя таго, экспазыцыя ў розны час была прадстаўлена ў Польшчы, Расеі і Ўкраіне.

20 студзеня 2011 года адбыўся пашыраны сход аргкамітэту конкурсу «Прэс-фота Беларусі-2011» (Belarus Press Photo). У сходзе ўзялі ўдзел як арганізатары конкурсу, так і тыя, хто падрыхтаваў шэраг прапаноў па зьмяненьні і паляпшэньні фармату конкурсу. У часе сустрэчы былі абмеркаваныя ўмовы падачы работ, катэгорыі, меркаваны склад журы, больш жорсткія правілы і шмат якія іншыя пытаньні.

Улічваючы аб’ем працы, было прынятае рашэньне запрасіць валанцёраў. Конкурс ладзіцца на выключным энтузіязьме абмежаванай колькасьці людзей, якія вылучаюць неабходны час у графіку працы і асабістага жыцьця. Сіл і часу для рэалізацыі усіх задумак у аргкамітэту проста не хапае. Не кажучы пра тое, што здараюцца форс-мажоры і непрадбачаныя абставіны.

Такім чынам, калі вы гатовыя далучыцца да правядзеньня конкурсу «Прэс-фота Беларусі-2011», аргкамітэт будзе рады бачыць вас сярод актыўных удзельнікаў гэтага працэсу.

Якая можа спатрэбіцца дапамога:

  • адміністраваньне афіцыйнага сайта конкурсу;  
  • напісаньне прэс-рэлізаў, падрыхтоўка іншай інфармацыі для прэсы;  
  • пераклад інфармацыі на розныя мовы (ангельская, нямецкая, французская);  
  • прыём і сартаваньне фотаздымкаў;
  • арганізацыя цырымоніі узнагароджаньня;  
  • падрыхтоўка (мантаж/транспартыроўка/дэмантаж) выставаў.

Асабліва запатрабаваныя валанцёры і прадстаўнікі ў рэгіёнах.

Калі вы адказныя, ініцыятыўныя і гатовыя працаваць у камандзе, пішыце на e-mail: bpp@pressphoto.by.

11:05, 25/01/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0862 seconds.