«Спрат» запісаў сынгл «180», прысьвечаны Геніюш і Караткевічу

На 2010 год выпала шмат значных дат і падзеяў. Дзьве зь іх і склалі назву сынгла «180», які мы вырашылі выдаць якраз напрыканцы году. Споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш, паэткі, якая ўпершыню не ў публіцыстычных закліках, а ў якасных вершах узьняла беларускую ідэю да сапраўды высокага ўзроўню. 80 гадоў споўнілася з дня нараджэньня Ўладзіміра Караткевіча, вядомага ня толькі як празаіка і пачынальніка жанру беларускага дэтэктыву, але й паэта, драматурга, кінасцэнарыста, які так шмат зрабіў дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры.

Спрат
Выступ «Спрат» у менскім «Рэактары» ў сьнежні 2008-га. Аўтар фота: Юра Сідун.

Нельга не адзначыць, што аповесьць Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха» далучыла да беларускай мовы многіх маладых людзей, у ліку якіх i ўдзельнікі гурта «Спрат», верагодна дзякуючы магчымасьці ўзгадаць гістарычнае мінулае праз вострыя сюжэтныя павароты і рамантычнасьць сьветаўспрыманьня аўтара.

Лічба «180» сымбалізуе значны прамежак часу, які дазваляе ўбачыць Геніюш і Караткевіча ўжо на адлегласьці ды ацаніць сапраўднае значэньне іх творчасьці агульна для ўсіх і ў прыватнасьці для кожнага. I гэта сёньня дае падставы пераасэнсоўваць, перачытваць, услухоўвацца, спасьцігаць і пранікацца невідавочным….

У сынгл невыпадкова ўвайшлі песьні «Кароль Стах» і «Беларускае сэрца», пры тым, што яны такія стылістычна розныя, іх шмат чаго зьвязвае. (Спампаваць сынгл)

Адметна, што акрамя безумоўнай таленавітасьці, палымянай любові да Радзімы, імкненьняў разьвіцьця нацыянальнай ідэі, Геніюш і Караткевіча аб’ядноўвала яшчэ і сумесная праца. Караткевіч ніколі ня быў рэдактарам, але аднойчы яму усё ж такі давялося рэдагаваць адзін паэтычны зборнік, і не за грошы, а толькі з-за павагі да паэткі, якая яго напісала. Назву гэтага зборніка Геніюш, «Невадам з Нёмана», адкуль быў узяты верш для песьні «Беларускае сэрца», выбраў таксама Караткевіч. Ня гледзячы на розьніцу ва ўзросьце і былыя крыўды, Геніюш лічыла Караткевіча адным з самых надзейных сваіх сяброў.

Тое, што абедзьве песьні працяты такой ніткай канцэптуальнасьці, падчас працы над матэрыялам дадавала нам адчуваньня пэўнай адказнасьці за вынік.

«180», як і кожны запіс — для нас гэта заўсёды экспэрымэнт і няспынны пошук. Экспэрымэнт у кампазыцыi і падачы настрою, у выкарыстаньні абсталяваньня, акалічнасьцях зьвядзеньня, распрацоўцы якасьці і характару гучаньня. I атрыманы вынік, гэта ня што іншае, як наша бачаньне, наша менавіта калектыўнае ўспрыманьне і адлюстраваньне кожнага перачытанага радка… Спроба музычнага расповеду аб вабнай таямнiчасьці і рэчаіснай жудасьці ў адной песьні, і тут жа ўвасабленьне шчырай матчынай любові і нязгаслага патрыятызму ў другой. Таму ўвогуле хочацца, каб дзякуючы «180» кожны зацікаўлены слухач знайшоў свой асабісты спрат ў творах Генiюш i Караткевiча.

Спрат 14:30, 27/12/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2048 seconds.