Лукашэнка: Беларусь уступіць у Балоньскую сыстэму і будзе рыхтаваць праграмістаў

Прэзыдэнт анансаваў чарговую рэформу вышэйшай адукацыі, на гэты раз «структурную». Цяпер у беларускіх ВНУ асаблівую ўвагу будуць надаваць падрыхтоўцы праграмістаў. Таксама ўлада яшчэ раз пацьвердзіла намер уступіць у Балоньскую сыстэму.

«Нам трэба мяняць структуру падрыхтоўкі спэцыялістаў, арыентавацца на запыты нашай эканомікі. Рыхтаваць трэба, у першую чаргу, праграмістаў і інжынэраў», — перадае словы Аляксандра Лукашэнкі БелаПАН.

Магчыма, цікаўнасьць прэзыдэнта да праграмістаў выкліканая яго нядаўнім візытам у Парк высокіх тэхналёгій, дзе беларускія IT-бізнэсмэны чарговы раз прасілі павялічыць набор на праграмісцкія спэцыяльнасьці ВНУ.

Таксама прэзыдэнт яшчэ раз заявіў аб плянах па далучэньні Беларусі да Балоньскага працэсу. Гэта, па яго словах, дазволіць беларускім ВНУ ўмацаваць сувязі з заходнімі ўнівэрсытэтамі. «Але рыхтаваць спэцыялістаў мы будзем не для Эўропы або Амэрыкі, а для сябе», — дадаў ён.

Нагадаем, беларускія чыноўнікі нядаўна заявілі, што ў нетрах Мінадукацыі ўжо распрацоўваецца дадатак да дыплёму эўрапейскага ўзору. У ім будзе адлюстраваная інфармацыя аб колькасьці праслуханых гадзін, адзнаках і крэдытах, якія набраў студэнт за час свайго навучаньня. Увядзеньне новага варыянту дыплёму спрасьціць прызнаньне беларускай адукацыі за мяжой.


Так выглядае ўкраінскі варыянт дыплёму аб вышэйшай адукацыі эўрапейскага ўзору, распрацаваны толькі ў гэтым годзе. Фота segodnya.ua

Словы прэзыдэнта прагучалі амаль адначасова з прыняцьцем Палатай прадстаўнікоў праекту Кодэксу аб адукацыі. Паводле яго ў Беларусі будуць існаваць сыстэмы «вышэйшай адукацыі» і «пасьлявнуўшнай адукацыі». Па словах распрацоўшчыкаў закону, тое таксама крок да Балоньскай сыстэмы. Таксама Кодэкс робіць больш жорсткай сыстэму прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў, абмяжоўвае тэрмін аднаўленьня ў ВНУ пасьля адлічэньня 3 гадамі, а таксама дазваляе ствараць унівэрсытэты замежным грамадзянам і кампаніям.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0738 seconds.