У Вільні ўпершыню выставяць беларускае сучаснае мастацтва

У чацьвер у віленскім Цэнтры сучаснага мастацтва адбудзецца адкрыцьцё выставы «Дзьверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёньня» — першай на сёньняшні дзень прэзэнтацыі беларускіх сучасных мастакоў у Літве. Будуць выстаўленыя працы такіх беларускіх аўтараў як Артур Клінаў, Руслан Вашкевіч, Алена Давідовіч, Уладзімір Цэсьлер і Сяргей Войчанка.

Нягледзячы на тое, што Вільня знаходзіцца толькі ў ста сямідзесяці кілямэтрах ад Менску, гандлёвы і культурны абмен паміж Літвой і Беларусьсю ў апошнія дваццаць гадоў адбываўся ў вельмі малым аб’ёме — як у выніку цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі, так і з прычыны выключна празаходняй арыентацыі мэтаў і пэрспэктываў Літвы.

Як адзначаюць арганізатары выставы, беларуская сучасная арт-супольнасьць, нягледзячы на пэўныя перашкоды з боку ўладаў, зьяўляецца вельмі актыўнай і знаходзіцца ў бесьперапынным пошуку, як рэалізаваць свае творчыя амбіцыі і ажыцьцяўляць іх у Беларусі і ў іншых краінах.

Выстава «Дзьверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёньня» дэманструе працы мастакоў, якія жывуць і працуюць у Беларусі, а таксама беларусаў, што жывуць за мяжой. Абедзьве паловы разьяднанай мастацкай супольнасьці прэзэнтуюцца ў межах аднаго праекту не ўпершыню, аднак важным момантам зьяўляецца тое, што на гэты раз гэта адбываецца ў максымальнай блізкасьці ад іх роднай краіны. Большасьць беларускіх мастакоў, якія жывуць на Захадзе, падтрымліваюць сувязь са сваімі блізкімі і рэгулярна наведваюць іх, аднак у іх рэдка бывае магчымасьць прадставіць свае працы ў Менску (і ў Беларусі ў цэлым).

Сярод іншых, на выставе будуць прадстаўленыя працы Ганны Школьнікавай, Алены Давідовіч, Аксаны Гурыновіч, Артура Клінава, Аляксандра Камарова, Аляксандра Караблёва, Аляксея Лунёва, Марыны Напрушкінай.

Гэты праект дае магчымасць беларусам зірнуць на сваё мастацтва звонку, па-за рамкамі звычайных табу. Большасьць прадстаўленых у праекце працаў так ці інакш закранаюць праблемы беларускага грамадзтва і яго цяперашнія клопаты, аднак толькі некаторыя мастакі вырашаюцца адкрыта згадваць рэчы, якія звычайна замоўчваюцца. Магчыма, гэты праект адкрые для адносна ізаляванага і малавядомага для міжнароднай публікі беларускага мастацтва новыя каналы сувязі.

У межах выставы «Дзьверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёньня» таксама праводзіцца канфэрэнцыя, на якой літоўскія і беларускія дасьледчыкі прадставяць шырэйшы кантэкст беларускага сучаснага мастацтва і культуры.

Вэрнісаж адбудзецца ў чацьвер, 18 лістапада 2010 г. у 18:00 у Цэнтры сучаснага мастацтва (Вільня, вул. Вокечу, 2).

Сустрэча з мастакамі: пятніца, 19 лістапада 2010 г., 14:00—18:00
Канфэрэнцыя: субота, 20 лістапада 2010 г., 13:00—17:00

Працягнецца выстава да 9 студзеня 2011 году. Падрабязьней на сайце Цэнтру.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0719 seconds.