«Унікальны па дызайне» стадыён пабудуюць у Барысаве

У барысаўскага клюбу БАТЭ ужо праз два гады можа зьявіцца сучасны футбольны стадыён на 13 тысячаў гледачоў, які будзе поўнасьцю адпавядаць эўрапейскім стандартам. Праект стадыёну, распрацаваны славенскімі архітэктарамі, трапіў у прэсу, дзе ён адразу быў абвешчаны «надзіва танным» і «ўнікальным па дызайне».

У інтэрвію для парталу nfpm.ru генэральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Дземянцэвіч называе стадыён унікальным нават для Эўропы і абяцае, што аб’ект будзе адкрыты для ўсіх жыхароў:

«Там будзе прадугледжана правядзеньне вольнага часу мясцовымі жыхарамі, у стадыёна будуць забаўляльныя функцыі, каб людзі маглі зь сем’ямі прыйсьці туды і правесьці час», — кажа Міхаіл Дземянцэвіч.

Стадыён плянуецца ўзьвесьці за паўтара гады, пераважна за кошт дзяржавы. Каштаваць ён будзе недзе 20 мільёнаў эўра (прыкладна двое Лідзкіх «Дажынак»). Разьмесьціцца арэна ў 60 кілямэтрах ад Менску ў раёне танкавых палігонаў пад Барысавам. У гэтым горадзе знаходзіцца база былога клюбу Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталяваньня.

Каманда БАТЭ узноўленая ў 1996 годзе. Шасьціразовы чэмпіён Беларусі па футболу. Гэта быў першы беларускі клюб, які прайшоў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. 26 жніўня 2010 года клюб заваяваў права гуляць у групавой Лізе Эўропы. Цяпер стадыён клюбу у Барысаве здольны зьмясьціць 5.4 тысячы чалавек.

Рэндэры з афіцыйнага сайту БАТЭ

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1013 seconds.