«Стивен Кинг и мы» — «Касіяпея» запісала новы альбом

Гурт «Кассиопея» складае эксцэнтрычныя, наіўныя, простыя і вельмі прывязьлівыя песьні, выходзіць на сцэну то ў вэнэцыянскіх масках, то ў касьцюмах міжгаляктычных зайцаў, то ў накладных вусах, то ў цёмных акулярах. Як мінімум дзіўны гурт выклікае цікаўнасьць, ды й нагода добрая — другі альбом. Публікуем думкі музыкаў пра ўласную творчасьць, ролі ў гурце ды настальгію.


Канцэрты «Касіяпеі» — своеасаблівыя навагоднія ёлкі для дарослых, для тых, хто памятае музыку з савецкіх мультфільмаў, слухае сучасную індзітроніку, любіць глядзець на зоркі і марыць аб высокім. Гэта значыць — для тых, хто ў душы застаўся дзіцём. Cвае песьні Ільля Чарапко-Самахвалаў (вакал, тэксты, актор тэатра), Аляксандр Лібэрзон (клявішы, музыка, тэатральны гукарэжысёр), і Сяргей Сокалаў (гітара, грузчык, вартаўнік, снайпэр стралковай дывізіі) складаюць па матывах дзіцячых фільмаў, зборнікаў лягічных задач, аматарскіх вершаў і «Жывой мярцьвячыны» Пітэра Джэксана.

Лірычныя і, разам з тым часьцяком страшныя і пужаючыя песьні, выкананыя людзьмі ў дзікаватых, але сымпатычных уборах, цяпер прыйдуцца як нельга дарэчы. Такога лірычнага героя — рамантыка, містыка і закончанага аптыміста — рускамоўнай музыцы даўно не хапала. У 2009 годзе, пасьля выхаду першай пласьцінкі ў Расіі, гурт «Касіяпея» быў прызнаны адной з самых цікавых зьяваў незалежнай беларускай музыкі.


Пра альбом «Стывэн Кінг і мы»

Аляксандр Лібэрзон: «Атрымалася ўсё проста, таму што агульная скіраванасьць песень — дзіўнае побач. Адсюль Стывэн Кінг — самы лепшы ілюстратар дзіўнага і проста добры чалавек. Працэс запісу альбома зьвязаны з жыцьцём. Шмат чаго адбылося падчас гэтага запісу. Кроў лілася ракой!»

Пра творчы працэс

Аляксандр Лібэрзон: «Звычайна я проста прыдумляю нейкі музычны кавалак. Потым мы ідзем у краму, з крамы прыходзім, сьнедаем і да абеду прыдумляем, аб чым будзе песьня. Потым мы абедаем, запісваем песьню. А калі мы песьню запісалі, тады можна і павячэраць.

Раніцай некаторыя людзі робяць гімнастыку, некаторыя п’юць кефір, зьдзяйсьняючы звычайны мацыён, а мы вось пішам песьні. Творчасьць для нас — неаддзельны ад жыцьця бытавы працэс. Працэсік, я б нават сказаў».

Ільля Чарапко: «Як тры мужчыны могуць працаваць над адным альбомам? На траіх, натуральна! Творчы працэс падобны на двухтыднёвы запой».


Пра пэрсанальныя ролі

І.Ч.: «Ролі звычайныя: козьлік, коцік і пчолка Майя».

А.Л.: «Я пішу музыку. На апошнім альбоме я выкарыстоўваў як мага меней сынтэзатараў. У мяне на працы вельмі шмат рознай дробязі. Палова пэркусійных гукаў — гэта слоікі з-пад кавы, гэта нейкія дзьверы, нейкія відэльцы, лыжкі і іншыя штукі. І, адпаведна, посуд, якога на стале заўсёды хапае. Потым прыходзіць Ільля, ён адказвае за голас і за складаньне тэкстаў, потым ён на гітарцы брынькае, калі ў стане. Затым прыходзіць Сярожа, калі ўжо ўсё гатова. Ён спрабуе нешта намаляваць на сваёй гітары, але звычайна ў яго гэта дрэнна атрымліваецца, і на раніцу мы ўсю ягоную творчасьць выдаляем. Таму Сокалаў бывае часта засмучаны. Праўда, часам мы што-небудзь пакідаем у некаторых песьнях».


Пра настальгію

А.Л.: «Ёсьць такое меркаваньне, што мы знаходзімся ў беларускім запаведніку аджыўшай эпохі, што мы — пасталелыя пэрсанажы савецкіх мульцікаў, лягерных страшылак і навуковай фантастыкі. Я супраць настальгіі наогул. І я ненавіджу усё, што зьвязана з успамінамі. Нам рана жыць успамінамі! У кагосьці было шчасьлівае дзяцінства, у кагосьці — ня вельмі. А наперадзе, спадзяюся, шчасьлівая старасьць!»

Трэкліст альбому «Стивен Кинг и мы»:

  • 1. Щупальца с планеты икс
  • 2. Гориллы
  • 3. Гадалка Галя
  • 4. Лифт-Пушкин
  • 5. Ангел слева, ангел справа
  • 6. Ветер знает…
  • 7. Микки Маус на Тибете
  • 8. Рыбак и фигуристка
  • 9. Алеся-телеглаз
  • 10 Неинтересная женщина
  • 11.Самбреро

Прэзэнтацыя альбому пройдзе ў Піцеры 20.10 ў клюбе «Грибоедов», у Маскве — 21.1- у «China-Town-Café», а ў Менску — 31.10 у «Графіці». Пра гурт на myspace, vkontakte.ru, ЖЖ.

Bo Promo 10:00, 08/10/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1169 seconds.