«Выкраданьне Эўропы» — «ПрайдзіСвет», прысьвечаны жанчыне

Выйшаў новы 5–6 нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет», прысьвечаны жанчыне, пад назвай «Выкраданьне Эўропы». Мастацкія творы нумара складаюць дзьве часткі, два «погляды» на знакаміты старажытнагрэцкі міт, якія прадстаўляюць дзьве вэрсіі таго, што адбылося некалі на востраве Крыт: Вэрсію Эўропы і Вэрсію Быка.


Новы нумар даступны на сайце часопісу

Жаночая вэрсія Эўропы — погляд на саму сябе. У гэтым разьдзеле зьмешчаныя творы як шырокавядомых пісьменьніц розных часоў: Джэйн Остэн (урывак са знакамітага раману «Пыха і перадузятасьць»), Інгеборг Бахман, Сапфо, Эмілі Дыкінсан, Віслава Шымборска, Марына Цьвятаева, Сэльма Лагерлёф, Айн Рэнд, Джойс Кэрал Оўтс, так і не зусім яшчэ адкрытых беларускаму чытачу: партугалкі Тэрэза Вэйга, амэрыканкі Шарлота Пэркінс Гілман і Сара Тыздэйл, чэшкі Пэтра Дваржакава і Марыя Шцястна, украінкі Анастасія Афанасьева і Аксана Забужка, грузінкі Мая Сарышвілі, фінкі Катры Вала і іншых.

Погляд на Эўропу збоку, паводле «Вэрсіі Быка», у часопісе прадстаўляюць такія вядомыя творцы, як Шарль Бадлер, Оскар Ўайлд, Фэрнанду Пэсоа, Анатоль Франс, Роберт Вальзэр, Сяргій Жадан і іншыя.

Таксама ў новым нумары падводзяцца вынікі традыцыйнага конкурсу паэтычнага перакладу, які ўжо ў чацьверты раз ладзіўся «ПрайдзіСветам».

Акрамя ўласна літаратурных твораў, у нумары зьмешчаныя артыкулы, што тычацца творчасьці пісьменьніц Вірджыніі Вулф і Айн Рэнд, а таксама дасьледуюць «ружовы раман» — распаўсюджаны, але не вывучаны ў айчынным літаратуразнаўстве жанр масавай літаратуры, скіраваны пераважна на жанчын.

Натуральна, раскрыцьцё галоўнага канцэпту нумара было б ня поўным без звароту да асобаў жанчын-перакладчыкаў. Тры розныя інтэрвію зь Верай Бурлак, уладальніцай прэміі часопіса «ПрайдзіСвет» у намінацыі «Проза» за 2009 год, Настай Лабадой, перакладчыцай Тувэ Янсан на беларускую, а таксама паэткай і перакладчыцай, якая цяпер жыве ў ЗША, Вальжынай Морт прадстаўленыя ў часопісе.

І ў рубрыцы «Майстар-клас» гэтым разам зьмешчаны запіс круглага стала па праблемах айчыннага перакладу, які прайшоў сёлета ў траўні напярэдадні ўручэньня прэміі часопіса «ПрайдзіСвет». Пра цяперашняе і будучае беларускага перакладу разважалі вядомыя перакладчыкі, выкладчыкі, выдаўцы і рэдактары: Андрэй Хадановіч, Зьміцер Колас, Барыс Пятровіч, Сяргей Сматрычэнка, Марыя Мартысевіч, Ганна Бутырчык, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч, а таксама сябры рады «ПрайдзіСвета».

Наступны нумар часопіса выйдзе ўзімку і будзе прысьвечаны літаратуры Афрыкі і Афрыцы ў літаратуры.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0712 seconds.