Мастацтва пускаць бурбалкі

Некалькі сотняў людзей выдзьмулі ў паветра мільён бурбалак. І гэта — не цуд. З 2001 года ААН прапанавала сьвяткаваць дзень міра ва ўсім сьвеце 21 верасьня. З гэтай нагоды жадаючыя сустрэліся ў парку імя Горкага ў аўторак вечарам.

Восень паціху бярэ сваё. Амаль кожны дзень — дожджык, вецер гуляе з апалай лістотай, усьмешкі з твараў, відаць, адляцелі ў вырай разам з птушкамі… А так хочацца сьвята! А хто, калі не мы, яго зробіць?

21 верасьня быў прызначаны Днём міра ва ўсім сьвеце, і адзначаны масавым запускам бурбалак. Запрашэньні дасылалі праз адкрытую суполку «Vkontakte». Людзі сабраліся, каб пераўтварыць у сьвята звычайны восеньскі вечар. Парадавацца таму, што над галавой у нас мірнае неба, адчуць еднасьць, апантанасьць адной, хоць і простай, справай — выдзьмуваць бурбалкі. Бурбалкі, дасканалыя па сваёй форме, вялікія і малыя, уздымаліся ў паветра і ляцелі далей — у неба. Дарослыя і дзеці дзялілі паміж сабой радасьць і сьвяточны настрой, таньчылі, вадзілі карагоды.

Цікава было назіраць за зьдзіўленымі тварамі выпадковых мінакоў. Спачатку — неразуменьне, (што гэта вы тут робіце?), а потым — шчырая ўсьмешка. Лепшы паказчык таго, што сьвята атрымалася!

Згадзіцеся, аздабляць сваё жыцьцё неверагоднымі ўчынкамі, маленькімі штодзённымі сьвятамі — ёсьць своеасаблівае мастацтва. Дні праходзяць хутка, лопаюцца, як тыя бурбалкі. І толькі ад нас залежыць, куды ім ляцець: каля самай зямлі ці ў неабсяжнае неба.

Фота Кацярыны Безмацерных

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0834 seconds.