Эўропа і ЗША пакутуюць ад анамальнай сьпякоты

Санкт-Пецярбург ідзе на рэкорд продажаў марозіва, у Нямеччыне з-за сьпякоты сталі дзесяткі цягнікоў, а тэмпэратура ў Фінляндыі ставіць адзін стогадовы рэкорд за іншым. Сьвет стогне ад гарачыні. Тым часам у Менску перадаюць чарговае штармавое папярэджаньне і абяцаюць +33 да канца тыдня.


Портлэндзкая сьпякота: амаль так жа горача як зараз у Менску. Фота Юра Сідун

Жудасная сьпякота стала прычынай транспартнага хаосу ў Нямеччыне. Кандыцыянэры ня вытрымалі, і тэмпэратура ў салёнах, у якіх немагчыма адчыніць вокны, сягала за 50 градусаў. Некаторыя пасажыры былі шпіталізаваныя з дыягназам «цеплавы ўдар», а цягнікі проста адмененыя. Аб гэтым перадае тэлеканал «Інтер».

У Нью-Ёрку ўладам нават прыйшлося адчыняць адмысловыя «ахаладжальныя цэнтры», дзе б гараджане маглі адсядзецца ў час найбольшай сьпякоты. Тым часам сусьветная мэтэаралягічная служба ААН паведаміла, што 2010 год можа стаць найсьпякотнейшым у гісторыі.

У нашых суседзяў сытуацыя падобная: у Таліне ўсталяваны абсалютны максымум у гісторыі за 14 ліпеня — +32.3 градусы. Нават Магадан не адстае: там тэрмомэтар паказваў учора рэкордныя +25.2.

Заўтрашні дзень ва Ўкраіне таксама пагражае стаць рэкордным па тэмпэратуры. Прагназуецца дзённы максымум у +37 градусаў. Днём на паўвостраве Крым будзе +29–34.

Затое тэмпэратура вады ў беларускіх азёрах цяпер параўнальная зь лепшымі курортамі. Так, на Менскім моры вада нагрэлася да +26 градусаў, а на Нарачы да +25. Па словах сыноптыкаў, сьпякоту да нас прынесьлі субтрапічныя паветраныя масы.

Паводле прагнозу гідраметцэнтру сёньня ў Менску з 18 да 21 гадзіны чакаецца навальніца, моцная залея. У бліжэйшыя дні ў Менску захаваецца сьпякотнае надвор’е: днём чакаецца +33 градусы, пераважна без ападкаў. У Беластоку, дзе 16–17 ліпеня пройдзе музычны фэстываль Басовішча, чакаецца +31 градус, без ападкаў. У польскім Ольштыне, дзе адбываецца сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы, на выходных чакаецца да +35, таксама без ападкаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1691 seconds.