Закаханасьць як наркотык

Забыць каханага — усё адно што саскочыць з наркотыкаў, у чарговы раз даказваюць жыцьцёвае назіраньне навукоўцы, на гэты раз амэрыканскія. «Разьбітыя сэрцы» мрояць пра свае паловы як какаіншчыкі ды заўзятыя курцы. Адказ навукоўцы шукалі ў эвалюцыі і галовах кінутых каханкаў.

За такую інтымную тэму зь цьвярозым навуковым падыходам узяліся супрацоўнікі Ўнівэрсытэту Ратджэрса, піша Live Science. У выніку дасьледаваньня ўдалося патлумачыць такія непрадказальныя ўчынкі няўдачлівых каханкаў як суіцыды ды іншыя скрайнасьці. Вынікі праведзенай працы апублікаваныя ў Journal of Neurophysiology.

«Уся справа ў прызвычайваньні, якое выклікае закаханасьць», — канстатуе аўтарка дасьледаваньня Хэлен Фішэр і мяркуе, што гэты фэномэн хаваецца ў законах эвалюцыі, калі сама прырода заклала такую схему мозгу, каб прымусіць нашых продкаў канцэнтравацца на адным партнэры. Усё дзеля працягу роду.

«Калі вам адмаўляюць, вы губляеце галоўную біялягічную ўзнагароду ў жыцьці — магчымасьць працягнуць род. Верагодна, у такім выпадку мозг актывуецца, каб прымусіць вас змагацца за партнэра».

У цэнтры дасьледаваньня апынуліся 15 студэнтаў (10 дзяўчат і 5 хлопцаў), кожны зь якіх ля двух год быў у рамантычных стасунках. З моманту разрыву са сваімі каханкамі мінула ля двух месяцаў, аднак усе яны амаль увесь час мрояць ды ўзгадваюць сваіх былых. Каб выявіць, што адбываецца ў галовах дабраахвотнікаў, ім паказвалі здымкі іхніх каханкаў і нэўтральных пэрсанажаў ды аналізавалі актыўнасьць мозгу.

Выявілася, што пры думках пра сваю палову, актывуецца зона ў мозгу, адказная за матывацыю і пазытыў, таксама ўзбуджаецца «цэнтар задавальненьня» ды іншыя ўчасткі. А яны вельмі актыўныя ў какаіншчыкаў і заўзятых курцоў. У дадатак яшчэ актывуюцца зоны, адказныя за фізычны боль і душэўныя хваляваньні.

Адзінае, што можа супакоіць няшчасных закаханых, па выніках дасьледаваньня, на ненавуковай мове гучыць як «адрынутыя вучацца на ўласных памылках» ды «час лечыць».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1692 seconds.