Ці даможамся мы посьпеху? Навукоўцы вывучаюць самаматывацыю

Вядома, пасьпяховы вынік той ці іншай задумы часта залежыць ад унутранага настрою чалавека, ад матывацыі. Спэцыялісты з унівэрсытэтаў Ілінойса і Місісіпі прыйшлі да цікавых вынікаў дасьледаваньня. Аказваецца, лепшых вынікаў дамагаюцца тыя, хто ставіць свой посьпех пад сумнеў, а ня тыя, хто пераконвае сябе самаўнушэньнем «я зраблю гэта!»

Дасьледаваньне амэрыканскіх псыхолягаў з University of Illinois at Urbana-Champaign і Southern Mississippi University апублікаванае ў часопісе Psychological Science.

Людзі, якія запытваюць сябе «ці змагу я гэта выканаць?», паказваюць лепшыя вынікі ў тэстах, чым тыя, хто проста пераконвае сябе. Атрымліваецца, што сумнеў лепей падмацоўвае ўнутраную гатоўнасьць.

У часе дасьледаваньня 50 дабраахвотнікаў падзялілі на дзьве групы. Удзельнікі першай перад тэстам некалькі хвілінаў разважалі над тым, ці справяцца яны з задачаю. Чальцы ж другой пераконвалі сябе, што безумоўна справяцца з задачаю.

У наступнай частцы экспэрымэнту выкананьню заданьняў папярэднічала напісаньне выразаў I Will альбо Will I, але ўдзельнікі ня ведалі пра сувязь пісьмовага і вуснага заданьняў. Ва ўсіх выпадках лепшага посьпеху дамагаліся тыя, хто сумняваўся ў сваіх сілах.

Аўтары дасьледаваньня мяркуюць, што паміж унутранымі развагамі «а ці спраўлюся я?» і глыбіннай матывацыяй ёсьць наўпростая сувязь. Такім чынам, распаўсюджаная думка пра посьпех самаўнушэньня ў дасягненьнях мэтаў можа апынуцца і не такой удачлівай. Лепей дазволіць унутранаму голасу задаваць пытаньні, лічаць навукоўцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2193 seconds.