У Вільні зьявіцца сквэр Тыбэту

У Віленскім Зарэччы зьявіцца сквэр Тыбэту. Такое рашэньне прыняла калегія гарадзкой рады па прапанове літоўскіх парлямэнтарыяў, якія падтрымліваюць выступленьні тыбэтцаў за незалежнасьць.

Як перадае Delfi.lt, назваць адзін са сквэраў літоўскай сталіцы ў гонар апальнай кітайскай правінцыі літоўцы хацелі даўно, але адпаведнае рашэньне прыняць было ня так лёгка. Яшчэ месяц таму дэпутаты не згадзіліся назваць тыбецкім сквэрам парк у раёне вуліцы Малунэ недалёка ад касьцёлу сьвятой Ганны. Тады было вырашана шукаць для сквэру іншае месца.

Але на сёньняшнім паседжаньні калегіі гарадзкой рады сквэр усё ж вырашылі пакінуць на вуліцы Малунэ ў Зарэччы — адным з самых папулярных у турыстаў раёнаў Вільні. Канчатковае рашэньне аб перайменаваньні мусіць быць прынятае на наступным паседжаньні гарадзкой рады, якая адбудзецца ў сярэдзіне траўня.

За тое, каб знайсьці ў Вільні месца для сквэру Тыбэту выступалі, у прыватнасьці, прадстаўнікі міжпарлямэнцкай групы па сувязям з Тыбэтам. Прыхільнікі гэтага рашэньня лічаць, што яно дэманструе салідарнасьць Вільні са змагарамі за свабоду гэтага рэгіёну. Праціўнікі наадварот апасаюцца, што зьяўленьне сквэру Тыбэта можа ўскладніць адносіны Літвы зь Кітаем.

Прэм’ер-міністар Літвы Андрыюс Кубілюс заявіў, што лічыць назву прымальнай: «У нас ёсьць Сыбірская вуліца, Вашынгтонскі сквэр, можа быць і сквэр Тыбэту».

У 2009 годзе ў парлямэнт Літвы паступіў праект рэзалюцыі, у якой прапаноўвалася прызнаць незалежнасьць Тыбэту ад Кітая. Адна пасьля кансультацый з МЗС Літвы, якое папярэдзіла, што рэзалюцыя можа пагоршыць адносіны зь Кітаем, дэпутаты прымаць яе ня сталі.

Мапа Вільні


Новы сквэр зьявіцца недалёка ад знакамітага касьцёлу сьвятой Ганны
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0835 seconds.