За апошняе дзесяцігодзьдзе насельніцтва Менску вырасла на 148 тысяч чалавек

Паводле дадзеных перапісу, які прайшоў у 2009 г., у Менску жыве 1.84 мільёна чалавек, а за апошнія 10 гадоў у сталіцы зьявілася каля 150 тысяч новых жыхароў, што параўнальна з насельніцтвам сярэдняга па беларускіх мерках горада Барысава. У мінулым годзе Менск стаў адзіным рэгіёнам краіны, насельніцтва якога павялічылася.


Графіка be-x-old.wikipedia.org

Як паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны», паводле папярэдніх дадзеных апрацоўкі вынікаў перапісу, цяпер у Менску жыве 1 мільён 828 тысяч чалавек. Гэта на 148 тысяч болей, чым дзесяцігодзьдзе таму, калі адбыўся першы ў гісторыі незалежнай Беларусі перапіс.

За апошнія 70 гадоў насельніцтва гораду павялічылася амаль у 8 разоў. Напрыклад, у 1939 годзе ў сталіцы Беларусі жыло толькі 237.5 тысяч чалавек.

Менск застаецца самым населеным рэгіёнам краіны. У гомельскай вобласьці — найбольш населеным рэгіёне краіны пасьля сталіцы — на 1 траўня 2009 года жыло 1 млн 426.6 тыс. чалавек. Пры гэтым у 2009 годзе насельніцтва павялічылася толькі ў Менску.

У пачатку 2010 году прэзыдэнт Лукашэнка асабіста прысутнічаў, як паведамляе БелТА, на нараджэньні «двухмільённага жыхару Менску». Тады Лукашэнка заявіў, што на яго думку аптымальная колькасьць насельніцтва сталіцы — 1.9 мільёна чалавек. Для таго, каб не перавысіць гэту лічбу, урад плянуе будаўніцтва пяці гарадоў-спутнікаў непадалёку ад сталіцы, якія зьвяжуць з цэнтрам Менску хуткаснымі трамваямі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0907 seconds.