У «Без Билета» ёсьць усё адразу: прэм’ера песьні і кліпа

Гурт «Без Билета» прадстаўляе падвойную прэм’еру: песьню «Всё сразу!» і відэакліп на яе. Гэты відэасынгл адкрывае новую старонку ў біяграфіі гурта. Кліп, як і песьня, створаны ў новай традыцыі — «экстрэмальны аптымізм». Лідэр «Без Билета» так упэўнены ў посьпеху песьні, што абяцае даляр кожнаму, у каго ад праслухоўваньня не паднімецца настрой.

«Всё сразу!» — гэта энэргічны і запамінальны трэк працягласьцю 2 хвіліны і 22 сэкунды, якія спалучае ў сабе міжкантынэнтальныя музычныя вартасьці: амэрыканскі напор і эўрапейскую мэлядычнасьць.

«Я думаю, гэта нашая лепшая песьня, — кажа лідэр „Без Билета“ Віталь Артыст. — Як толькі яна зьявілася, адразу пачалі адбывацца класныя рэчы, людзі пачалі нам дапамагаць і ўсьміхацца пры сустрэчы. Я ў ёй так упэўнены, што асабіста дам даляр кожнаму, у каго пры праслухоўваньні песьні ці прагляду відэа не паднімецца настрой».

Кліп «Всё сразу!» здымаўся на сцэне Купалаўскага тэатру. Аўтар ідэі і рэжысэр відэа — Мацей Сабураў, рэжысэр па плястыцы — Зьміцер Скачкоў. Гэты ж дуэт працаваў над «Афрыкай», прызнанай лепшым беларускім відэа 2009 году.

«Здорава, што ў кліпе „Всё сразу!“ у нас атрымалася сумясьціць клясычную пастаноўку ў стылі мюзыкла з сучаснымі тэхналёгіямі здымак і кампутаровай графікі, — распавядае Артыст. — Мае асобныя рэспэкты Мацею, Зьмітру, Сашы Жарнасеку, Тані Шамшуркінай, Колі Суркову, акторам і ўсім, хто дапамагаў рэалізаваць гэтую працу».

Спампаваць песьню і відэа можна на афіцыйным сайце гурта www.bezbileta.net.

Паводле прэс-рэлізу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0567 seconds.