Lюk прызямліўся ў Менску

Luk

Шчыра кажучы, аўтар гэтае публікацыі ніколі не зьяўляўся вялікім аматарам «лёгкай» музыкі. Так сталася, што звычайна пры словах «выдатны канцэрт» у супярэчлівым марсіянскім розуме ўзьнікала карцінка — энэргічнае рок-шоў у клубах цыгарэтнага дыму, алькаголь і іншы ўсеагульны чад. Каюся: выдатным можа быць іншы канцэрт, я нават не задумваўся, а марна.

7 сакавіка ў менскім «Рэактары» выступаў харкаўскі гурт Lюk. Гаворачы сумнай мовай афіцыйных вызначэньняў, музыкі выконваюць мяшанку з easy-listening, acid-jazz, фанку, але гэта проста словы, якія самі па сабе пустыя гукі, ня здольныя нічога патлумачыць простаму абарыгену. Скажам так, Lюk грае сьветлую музыку, нейкую летнюю і каляровую. Цікава, што самім музыкам падабаецца вызначэньне, якое ім калісьці даў часопіс «НАШ»:

«…Музыка Lюkа могла бы стать идеальным саундтреком к воскресному шопингу на Марсе и звучать в гуманоидском супермаркете, где торгуют исключительно воздушными шарами…»

Зразумела, што пасьля такога пытаньне, ісьці ці не ісьці, ужо і блізка не стаяла.

Вельмі дзіўна, але каля 19.00 падчас заяўленага пачатку імпрэзы публікі было… ну, практычна не было, але недзе хвілінаў праз 20, пад час выступу мясцовых СherryVata заля была ўжо амаль поўная. Адкуль так хутка ўзяліся ўсе гэтыя людзі — не зразумела. Маю падозраньні, што яны ад пачатку нябачна там прысутнічалі, але былі незаўважнымі, пакуль музыка іх не актывізавала. Ва ўсякім разе лёгкая галюцынагеннасьць Сherryvata таму спрыяла.

CherryVata

Гэты калектыў імкліва набірае абароты апошнім часам і неабходна адзначыць, што ён таго абсалютна варты. Інтэлiгентная, добра выкананая, стылёвая музыка ў лепшых традыцыях лёнданскай ці брыстольскай клюбнай сцэны пэрыяду недзе канца дзевяностых — пачатку нулявых. Аказваецца, і ў Беларусі так граюць!

CherryVata

Атрымалася, што на сталічнай вуліцы В. Харужай граюць нешта накшталт De Phazz. Гэта супэр, канешне! Такі музычны матэрыял ня сорамна паказаць і на якім Be2gether — гадзіны каля другой ночы, калі ўжо ўсе і року наслухаліся за дзень і ў пене якой патанчыць яшчэ сілы засталіся. Можа, толькі бракуе запамінальных мэлёдыяў, але, здаецца, гэта такі жанр. Гэта ўсё ж фонавая музыка, яна не зьяўляецца нейкай самамэтай. Думаю, менавіта таму было крыху нязвыкла назіраць вялікі натоўп пад сцэнай, бо звычайна такое слухаюць дома ці ў офісе, ва ўсялякім разе, не «жыўцом» у клюбе. Рады, што ў гэтым памыляўся. Што да сцэнічнага вобразу гурта, то тут ніякіх адметнасьцяў — выканаўцы не апранаюць жаночых строяў, не выцягваюць на сцэну рэшткі акторскага рэквізыту ці дыялёгаў.

Кампазыцыі СherryVata збольшага інструмэнтальныя, але час ад часу сустракаюцца ангельскамоўныя і тэксты на па-расейску. На жаль, на беларускай гурт не сьпявае, а гэта было б як мінімум цікава. Музыка быццам «сама ў сабе», але такія законы жанру. У сваёй нішы СherryVata усё робіць на нейкім прыемна нечаканым «нетутэйшым» прафэсійным узроўні. Па мне, дык гэтага больш чым дастаткова. Брава, СherryVata, дадаць няма чаго!

CherryVata

СherryVata так уразіла, што калі пачалі свой сэт хэдлайнэры Lюk, то першых хвілінаў 10 здавалася, што яны нават прайграюць свайму «разагрэву». Але не, гэта, канешне, ня так, ня ў тым справа. Проста абодва гурты вартыя адзін другога, занадта вялікай розьніцы паміж іх узроўнем не адчувалася.

Luk

Lюk больш папулярны, канешне, і ў асноўным людзi прыйшлі на яго. Песьням гурта падпяваюць, нават на ўкраінскай і францускай мовах. У «люкаў» ёсьць тое, без чаго шмат таленавітых, прафэсійных, нават упартых музыкаў так і застаюцца сам на сам са сваімі інструмэнтамі, безь вялікіх канцэртаў і прызнаньня — харызма. Яна сьветлая і вабіць, як добрая сяброўская ўсьмешка. Нават вакалістка гурта Оля Герасімава нечым нагадвае мілага Чабурашку зь дзяцінства. Зь ёй хочацца сябраваць, ну, як мінімум папляскаць ёй у далоні. Кругленькія шчочкі, невялікі рост, гарэзныя вочы і пастаянная ўсьмешка. Вакал у Олі пяшчотны, трохі салодкі, але ўсё ў тэму і відавочна, што як мінімум 50 адсоткаў посьпеху Lюkу — гэта яе заслуга.

Luk

Музыкі таксама «на сваім месцы» і адказваюць на кожны рух сваёй вакалісткі. Поўнае творчае ўзаемапаразуменьне і поўны кантакт са сваёй публікай. Цікава — звычайны беларускі клюб, звычайная гукавая апаратура, звычайная беларуская абслуга, а па выніку ўсё гучала ў гэты вечар сапраўды па-эўрапейску! Здаецца, справа ў асобах і талентах выканаўцаў, а ўсе разважаньні пра «адсталы беларускі шоў-біз» пакінем нецікавым ныцікам.

Luk

Публіка з музыкамі на адной хвалі, у адных энэргетычных плынях. Людзі прыйшлі якасна адпачыць у якаснай кампаніі — Lюk гэта якасна забясьпечыў. Гурт выступаў больш за паўтары гадзіны і выканаў усё самае лепшае ад «Электрочеловека» да кампазыцый з апошняга на дадзены момант альбому «Мамина юность». Практычна ўсё ўспрымалася публікай «на ўра», і ніхто нават і блізка не пашкадаваў, што аддаў перавагу гэтаму лёгкаму і сьветламу перадсьвяточнаму вечару, а не грукату нямецкіх «вычварэнцаў» з «Рамштайн», якія «сутрасалі асновы дзяржаўнасьці» ў Мінск-Арэне ў той жа час. Выдатныя канцэрты могуць быць і такімі, без дысторшнаў, бяз слэму і чаду, зь «нетутэйшай» музыкай, хай сабе і «фонавай». Зараз я гэта ўжо ведаю дакладна. Дзякуй усім! Ракета кліча!

ПРА АЎТАРА

Buzzika 

Нарадзіўся на Дэймасе 200 000 год таму, але ў раньнім дзяцінстве з бацькамі пераехаў на Марс, дзе і вырас. Пасьля школы па разьмеркаваньні трапіў на Тытан, адкуль і быў з дапамогай аптычна-люстэркавай сыстэмы (АЛС) зь сям’ёй і калегамі адпраўлены на Зямлю. У Беларусь патрапіў таму, што яшчэ з савецкіх часоў гэтая краіна спэцыялізуецца на оптыцы ў вытворчасьці дэталяў касьмічных караблёў. Праз АЛС сюды накіраваць было прасьцей.

Імя buzzika не сапраўднае, сапраўднае немагчыма паўтарыць не на адной зямной мове з-за асаблівасьцей марсіянскага маўленчага апарату, але buzzika — найбольш блізкае па гучаньню да сапраўднага імя. Тое ж самае і са зьнешнасьцю. Зьнешне buzzika выглядае як чалавек, але гэта зроблена для зручнасьці камунікацый тут, на Зямлі. Насамрэч buzzika нагадвае зямнога ката. Сапраўдная місія buzzika на Зямлі засакрэчана.

Болей здымкаў з канцэрту ў фотаблогу:

Buzzika 16:10, 09/03/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0555 seconds.