Францускія сыраробы распрануліся, каб падтрымаць прамысловасьць

Краіна 246 гатункаў сыру рызыкуе пазбавіцца гэтага найменьня з-за сумнага стану сырнай прамысловасьці Францыі. «Глябалісцкія» гатункі ўсё хутчэй за традыцыйныя знаходзяць шлях у страўнік французаў. У такой сытуацыі зьвяз сыраробаў краіны пайшоў па шляху беларускіх пісьменьнікаў і выпусьціў каляндар з аголенымі прадстаўнікамі галіны для прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці да «сырнай» праблемы.


«Сырныя дзяўчыны», на думку Асацыяцыі сыраробаў, дапамогуць выратаваць прамысловасьць

Хаця сярэдні француз дагэтуль зьядае паўкіляграма сыру ў тыдзень, што забясьпечвае Францыі другое месца ў сьвеце па спажываньні гэтага прадукту пасьля Грэцыі, становішча мясцовай сырнай прамысловасьці з кожным годам пагаршаецца.

«Надта шмат маладых людзей аддаюць цяпер перавагу фаст-фуду ў плястыкавым пакунку ў амэрыканскім стылі», — кажа Жан-Клод Ландры, якому належыць сямейная крама сыроў у Парыжы.

Як піша брытанская The Telegraph, сыры зь непастэрызаванага малака зь сельскай Францыі, якія да Другой сусьветнай вайны складалі палову ад сыру, які спажывалі ў краіне, цяпер складаюць усяго 7%. Замест іх папулярнасьць набіраюць пастэрызаваныя і запакаваныя ў плястык гатункі разам з швэйцарскім эмэнталем, італьянскай мацарэлай і грэцкай фэтай. Такой сытуацыі спрыяюць таксама агульныя правілы Эўрапейскага Зьвязу, якія абмяжоўваюць традыцыйных вясковых вытворцаў сыру.

«Французы забыліся, што такое сапраўдны сыр. Купля сыру стала такой жа будзёнай справай, як купля пральнага парашку», — кажа прадстаўнік Асацыяцыі мясцовых сыраробаў Вераніка Рышч-Леруж.

Ратаваньнем становішча занялася Асацыяцыя мясцовых сыраробаў, якая пайшла па шляху беларускіх літаратараў, выдаўшых у мінулым годзе каляндар уласных аголеных фотапартрэтаў «Канец словаў». Сыравары зладзілі аналягічнае выданьне з напаўадзетымі мадэлямі і цалкам аголеным сырам — 12 мадэляў і 12 гатункаў сыра на 12 месяцаў. Эстэтыка выданьня блізкая да 50-х гадоў — пэрыяду сапраўднага спажывецкага бума ў Францыі.

 

Да гэтага францускія вытворцы малочных прадуктаў ужо спрабавалі прыцягнуць увагу да сыроў праз адмысловы дзіцячы забаўляльны сайт з гульнямі і малюнкамі. Праславілася Асацыяцыя і сэрыяй відэаролікаў, у якой фігуруюць гіганцкая карова і мініяцюрныя шкілеты, якія ратуюцца ад страшнага ваўка дзякуючы таму, што ядуць кожны дзень па тры малочныя прадукты.

Ідэя цяперашняй рэклямнай кампаніі палягае ў спробе сыраробаў прапагандаваць традыцыйную культуру Францыі, у якой сыр займае такое ж важнае месца, як і жаночая прыгажосьць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2112 seconds.